Чатыры тэмы, якія тычацца кожнага

Важнае Улада

18 лістапада ў раёне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

Працавала некалькі груп. Інфармацыйна-прапагандысцкая група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага ў Міроўшчыне сустрэлася з працоўным калектывам ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, абмеркавалі чатыры актуальныя тэмы.

Людзей губіць непатушаная цыгарэта

Аб прафілактыцы пажараў і папярэджанні гібелі на іх у жылым сектары расказаў першы намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргей Кухарчык. Ён завастрыў увагу прысутных на тым, што чалавеку для страты прытомнасці і, як следства, гібелі ў агні дастаткова некалькі глыткоў едкага дыму. Статыстыка сведчыць, што найчасцей прычынай вогненных трагедый становіцца непатушаная “п’яная цыгарэта”. На Дзятлаўшчыне з пачатку года зарэгістравана 19 пажараў, на якіх з-за неасцярожнасці пры курэнні загінулі 4 чалавекі. Ёсць нямала прыкладаў, калі чалавечае жыццё ратуе аўтаномны пажарны апавяшчальнік, таму яго варта ўстанавіць нават тым, хто не грэбуе правіламі бяспекі. Для прафілактыкі пажараў у жылым сектары і захавання спрыяльных умоваў пражывання ў раёне працуюць аглядавыя камісіі, створаныя пры кожным сельвыканкаме і ў райцэнтры, іх дзейнасць курыруе рабочая група райвыканкама. Асаблівая ўвага спецыялістаў скіравана на неабароненыя катэгорыі грамадзян. Найбольш актуальныя пытанні бяспекі выносяцца на абмеркаванне рабочай групы. Актыўны ўдзел у прафілактыцы прымаюць грамадскія аб’яднанні раёна, у тым ліку моладзевыя і дзіцячыя. Сяргей Іванавіч заклікаў прысутных быць уважлівымі пры абыходжанні з агнём і электрапрыборамі, а пры ўзнікненні праблемных пытанняў для іх вырашэння звяртацца ў Дзятлаўскі РАНС.

Андрэй Садоўскі не змог пакінуць па-за ўвагай нядаўняе вогненнае здарэнне ў Гезгалах, дзе толькі дзякуючы нераўнадушным суседзям была выратавана жанчына. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што галоўная праблема, якая аб’ядноўвае пацярпелых і ахвяр – іх абыякавыя адносіны да ўласнай бяспекі.

Выконваць павінны наймальнік і работнік

З тэмай “Прафілактыка траўматызму на вытворчасці” ўдзельнікаў пасяджэння азнаёміла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель. Яна адзначыла, што сёлета ў Гродзенскай вобласці ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці пацярпела 176 чалавек, з іх 4 загінулі (без віны наймальніка), 55 цяжка траўмаваныя, 117 атрымалі пашкоджанні, якія не адносяцца да цяжкіх. Не абышла бяда наш раён: быў траўмаваны работнік ТАА “Ізакам”, загінуў работнік Вензавецкага лясніцтва. Асноўнымі траўмуючымі фактарамі пры цяжкіх выпадках былі ўздзеянне рухомых прадметаў; падзенне пацярпелага; разбурэнне канструкцый і абвалы прадметаў; дарожна-транспартныя здарэнні. Самымі траўманебяспечнымі галінамі на працягу апошніх гадоў з’яўляюцца будаўніцтва, лясная і сельская гаспадаркі, бо тут пераважае ручная праца, многае залежыць ад самога работніка.

Фэйкі і адказнасць за экстрэмізм

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольга Рагачова, гаворачы пра медыякультуру і медыяспажыванне ў беларускім грамадстве, падкрэсліла, што Інтэрнэт стаў адной з асноўных крыніц атрымання навін і прасторай для стасункаў, бо ім карыстаюцца звыш 85 % беларусаў. Аднак якасць інфармацыі ў глабальнай сетцы не заўсёды адназначная: можна сустрэць неправераныя ці спецыяльна скажоныя звесткі, “фэйкі”. Інфармацыйная агрэсія становіцца цэнтральным звяном гібрыдных войнаў. Знешняе ўмяшанне ва ўнутраную палітыку вымушае ўважліва вывучаць і ўкараняць заканадаўчы вопыт іншых краін. Сур’ёзным крокам па абароне беларускай інфармацыйнай прасторы сталі наваўвядзенні, унесеныя Законам Рэспублікі Беларусь ад 24 мая 2021 года № 110-З “Аб змяненні законаў па пытаннях сродкаў масавай інфармацыі”, многія з якіх скіраваны на рэгуляванне праваадносінаў у інтэрнэт-прасторы (пашыраны пералік асобаў, якія не маюць права быць заснавальнікамі СМІ; устаноўлены шэраг забарон па стварэнні і функцыянаванні СМІ з замежным удзелам; пашыраны пералік інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена ў СМІ і інтэрнэт-рэсурсах). Таксама неабходна ведаць, што распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі з заклікамі да экстрэмісцкай дзейнасці ці яе прапагандай караецца адміністрацыйнай адказнасцю. У рамках рэалізацыі пастановы Савета Міністраў № 575 “Аб мерах супрацьдзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму” экстрэмісцкімі фарміраваннямі прызнаюцца ў тым ліку тэлеграм-каналы, значыць, іх падпісчыкаў могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Для супрацьдзеяння дэструктыўным уплывам у 2020–2021 гадах у айчыннай медыяпрасторы разгорнута шырокая тлумачальная работа: распрацаваны тэлепраекты, праграмы, рубрыкі. Аднак толькі ад імкнення кожнага беларуса залежыць набыццё ім навыкаў распазнавання маніпуляцыйных тэхналогій і фэйкаў. Для гэтага трэба знайсці першакрыніцу інфармацыі, вывучыць навіну цалкам, прагледзець спасылкі, праверыць дату, ацаніць змест, знайсці пацвярджэнне тэмы ў экспертаў.

Што зроблена – што ў планах

З вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў студзені-верасні 2021 года прысутных азнаёміў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. Ён расказаў, што выручка ад рэалізацыі тавараў і паслугаў склала 237 мільёнаў рублёў, што на 18 % вышэй за аналагічны перыяд мінулага года, раён атрымаў 21 мільён чыстага прыбытку. З ростам працавала сельская гаспадарка, быў недабор зерня, але ён кампенсаваны за кошт кукурузы. Дзякуючы гэтай культуры на 36 % раён “сплюсаваў” па нарыхтоўцы кармоў.

За 9 месяцаў экспартавана тавараў на 7,3 мільёна (у лідарах ТАА “Ізакам”, ААТ “Дварэцкі льнозавод”). На 65,5 % павысілі выніковасць работы санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”, якія на экспарце паслугаў зарабілі 3,6 мільёна долараў ЗША.

Раённы бюджэт выкананы, пэўная частка сродкаў скіравана на аплату работы медыкаў ва ўмовах каранавіруснай інфекцыі. Рэалізаваны значныя сацыяльныя праекты: капітальна адрамантавана дваровая тэрыторыя мікрараёна вуліц Перамогі, Клары Цэткін, Чырвонаармейскай; адбыўся капрамонт 2 шматкватэрных дамоў; пачаты рамонтныя работы інтэрната па вуліцы Міцкевіча, 4; здадзены ў эксплуатацыю дзевяціпавярховы дом, дзе новыя кватэры (52 з 72) атрымалі пераважна шматдзетныя сем’і.

На наступны год запланаваны яшчэ некалькіх праектаў: зроблена каштарысная дакументацыя на вуліцу Шашэйную ў Наваельні, тры мясцовыя дваровыя тэрыторыі, школу гарпасёлка, дзе за сродкі сусветнага банка развіцця мяркуецца замяніць вокны. У райцэнтры за кошт аналагічнага фінансавання цяпер мяняецца воблік сярэдняй школы № 3. Таксама ў гэтым годзе з раённага бюджэту патрачана 74 тысячы на асфальтаванне вуліцы Азёрнай у Дзятлаве.

Кіраўнік раёна паабяцаў, што ўсе сацыяльныя абавязкі, якія стаяць перад раённым бюджэтам, сёлета будуць выкананы.

У час Адзінага дня інфармавання абласная група на чале з Валерыем Клімовічам, начальнікам галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Гродзенскага аблвыканкама, сустрэлася з калектывам Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства.

У нашым раёне інфармаваннем насельніцтва займаліся некалькі груп. У склад кожнай уваходзілі спецыялісты розных сфераў дзейнасці, каб на месцах можна было абмеркаваць і вырашыць надзённыя праблемы, даць слушныя парады.

Ірына СТЫРНІК

Фота аўтара, Вольгі ЮШКЕВІЧ і Вадзіма ФІЛІПОЎСКАГА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: