Цана жыцця – некалькі хвілін

Галоўнае Здарэнні і бяспека

Гэтага часу можа не хапіць работнікам пажарнай службы, каб прыбыць на месца здарэння і паспець уратаваць пацярпелых на пажары.

Але тут на дапамогу прыходзяць людзі з гарачым сэрцам і мужным характарам, героі, якія жывуць сярод нас. Зусім нядаўна тры чалавечыя жыцці ў двух пажарах уратавалі нашы землякі. Іх адважныя ўчынкі былі адзначаны ўзнагародамі Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Намеснік начальніка райаддзела Аляксандр Беленка ўручыў грамату за праяўлены гераізм і выратаванне чалавека на пажары жыхару аграгарадка Гезгалы, маёру ўнутранай службы Мікалаю Булаўко. Мужчына выцягнуў з агню пажылую жанчыну, жыхарку шматпавярховага дома. Супрацоўнікі павіншавалі Мікалая Мікалаевіча з узнагародай, адзначылі, што сапраўдны афіцэр застаецца мужным у любых пазаштатных сітуацыях.

Аналагічную ўзнагароду ад намесніка начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргея Кухарчыка атрымала Станіслава Сакратарова з Наваельні, якая, адчуўшы пах дыму ў сваім доме, уратавала ад смерці ў агні дачку і яе сужыцеля.

Да віншаванняў далучыўся старшыня райсавета добраахвотнага пажарнага таварыства Міхаіл Буйко, ён уручыў героям тыдня падарункі ад арганізацыі.

З першых вуснаў

Мікалай Булаўко:

– Увечары пасля работы я выйшаў на балкон сваёй кватэры і пачуў трэск, пасля чаго заўважыў, што з акна чацвёртага паверха ў чацвёртым пад’ездзе дома ідуць клубы дыму, а затым убачыў і агонь. Да дома адусюль спяшаліся людзі. Зразумеў, што гэта пажар, хутка апрануўся і выскачыў на вуліцу. Успомніўшы, што ў гэтым пад’ездзе жыве мой начальнік, пакуль бег да месца здарэння, званіў яму. У пад’ездзе было моцна задымлена. Калі я падняўся на патрэбны паверх, там ужо былі людзі. Сказалі, што ў кватэры павінна быць гаспадыня. Суседзі спрабавалі ўратаваць яе, патрапіць унутр, але з-за едкага дыму ад гарэння пластыкавага акна і столі не змаглі гэта зрабіць.

Я таксама паспрабаваў і вярнуўся назад, не змог прайсці нават некалькі крокаў. Тады ў галаву прыйшла ідэя, што можна прабрацца ў кватэру, калі рухацца ніжэй, дзе дыму менш. Я лёг на падлогу і папоўз, адшукваючы гаспадыню дома. У галаве круцілася адна думка: “Толькі б яна была яшчэ жывая!”. Ні страху за сваё жыццё, ні думкі пра небяспеку не было. На шчасце, я даволі хутка заўважыў жанчыну, якая, верагодна, сама ішла да выхаду, але не паспела. У некалькі спробаў выцягнуў яе з жылля па падлозе, а там паклікаў прысутных, якія дапамаглі спусціць жанчыну на паверх ніжэй і адкрыць акно, каб да прыбыцця “хуткай” даць жанчыне доступ свежага паветра. Я не лічу, што зрабіў нешта асаблівае, проста першы здагадаўся, як правільна прабрацца ў кватэру. Калі прыйшоў дадому, жонка ўжо піла супакойваючыя прэпараты, бо сын, які гуляў на вуліцы, расказаў ёй, што тата пабег у кватэру, дзе пажар. Родныя моцна перапалохаліся за мяне, але цяпер ганарацца.

Станіслава Сакратарова:

– Гэты дом у Наваельні мы пабудавалі разам з мужам пры дапамозе райспажыўтаварыства, дзе я некалі працавала. Дом добры, двухпавярховы. Тут цяпер на першым паверсе жыву я, на другім – дачка з сужыцелем. На жаль, мужчына злоўжывае спіртнымі напоямі, цяпер не працуе, мае звычку курыць у сваім пакоі, што дадае мне клопату. А дачка яго слухаецца ва ўсім. Я ж увесь час перажываю, хоць бы чаго не здарылася. Звычайна я позна кладуся спаць, бывае, гляджу тэлевізар увечары. У той дзень я таксама не спала і адчула пах цыгарэтнага дыму з другога паверха. Калі прыйшла, там было надымлена, у попельніцы ляжалі недакуркі. Я зрабіла заўвагу мужчыну, што так нельга. Ён адрэагаваў, выставіўшы мяне за дзверы. Яшчэ не адзін раз тым вечарам я заходзіла да іх, нават прынесла ваду, каб затушыць недакуркі, вельмі баялася пажару. Казала, што выклічу МНС, але маім словам не давалі веры. Калі чарговы раз я падышла да дзвярэй, адчула пах дыму і гары, адчыніла іх і ўбачыла, што дачка і зяць спяць, а пад імі тлеюць матрац і дыван на падлозе. Я затушыла ўзгаранне вядром вады, а ў хуткім часе прыбылі ратаўнікі.

Наталля АВЯРЧУК



Теги: