Будаўнічая пляцоўка – лакмусавая паперка парадку

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

З 15 кастрычніка па 15 лістапада ў Дзятлаўскім раёне праходзіць месячнік па навядзенні парадку на зямлі.

З гэтай нагоды адбылася сустрэча з начальнікам Лідскага аддзела інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам Аляксандрам Буяком. Ён растлумачыў, як звязаны парадак у горадзе і будаўнічыя пляцоўкі, назваў асноўныя правілы іх утрымання і якое пакаранне прадугледжана за парушэнне патрабаванняў закона.

– Аляксандр Аляксандравіч, якая сітуацыя з будаўнічымі пляцоўкамі ў нашым раёне?

– На Дзятлаўшчыне ёсць як станоўчыя прыклады ўладкавання будаўнічых пляцовак, так і супрацьлеглыя ім. У якасці прыкладу добрасумленнага стаўлення да ўтрымання будаўнічых пляцовак можна прывесці будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве (генеральны падрадчык – ААТ “Гроднажылбуд”). На працягу ўсяго перыяду будаўніцтва тэрыторыя пляцоўкі і прылеглая да яе ўтрымліваліся ў парадку, захаванне мер бяспекі было выканана. Як вынік – дзятлаўчане атрымалі чарговы неабходны для горада дом з камфортным добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі. Нельга не адзначыць добрую работу па капітальным рамонце жыллёвага фонду, добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый, будаўніцтве інжынерных сетак, дзе заказчыкам з’яўлялася Дзятлаўскае РУП ЖКГ.

Разам з тым, у ходзе будаўніцтва пажарнага дэпо па вуліцы Слонімскай у Дзятлаве мы мелі шэраг прэтэнзій да падраднай арганізацыі (ЗАТ “СМУ № 7 горад Ліда”), да якіх адносяцца складзіраванне будаўнічых адходаў у неўстаноўленых месцах і іх несвоечасовы вываз з пляцоўкі на ўтылізацыю, парушэнні пры складзіраванні будаўнічых матэрыялаў і вырабаў, нездавальняючае ўтрыманне месцаў раскопак, за што да службовых асобаў арганізацыі на працягу года двойчы прымяняліся адміністрацыйныя санкцыі.

– Дзе можна азнаёміцца з патрабаваннямі да будаўнічых пляцовак? Назавіце асноўныя правілы.

– Патрабаванні да арганізацыі і ўтрымання будаўнічых пляцовак змешчаны ў СН 1.03.04-2020 “Арганізацыя будаўнічай вытворчасці” і “Тыпавых рашэннях уладкавання будаўнічых пляцовак”, зацверджаных загадам Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь ад 28.04.2010 года № 140. Адным з асноўных элементаў утрымання пляцоўкі з’яўляецца яе агароджа, галоўная функцыя якой ахоўная. У цяперашні час прадугледжваецца выкарыстанне інвентарных сеткаватых агароджаў са светлапрапускальнасцю ад 50 да 100 %, у асобных выпадках на такіх агароджах могуць быць замацаваны банеры. Агароджа павінна быць суцэльнай, парывы ў ёй не дапускаюцца. На ўездзе на будаўнічую пляцоўку павінен быць усталяваны пашпарт аб’екта і схема руху аўтатранспарту з указаннем месцаў разгрузкі і складзіравання будаўнічых матэрыялаў і вырабаў, месцаў размяшчэння сродкаў пажаратушэння. Будаўнічая пляцоўка павінна быць укамплектавана бытавымі, санітарна-тэхнічнымі, складскімі памяшканнямі, кантэйнерамі для будаўнічых і бытавых адходаў, спецыяльнымі знакамі. Выезд з будаўнічай пляцоўкі павінен быць абсталяваны пунктам мыйкі (ачысткі) колаў аўтатранспарту. На працягу ўсяго перыяду будаўніцтва аб’екта падрадчык абавязаны падтрымліваць парадак на пляцоўцы і прылеглай да яе тэрыторыі. Усё гэта робіцца для захавання бяспекі будаўнікоў і жыхароў населенага пункта, дзе вядзецца будаўніцтва.

– Што чакае парушальнікаў правілаў утрымання будаўнічых пляцовак?

– Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных парушэннях, пры невыкананні правілаў размяшчэння і ўтрымання будаўнічых пляцовак у дачыненні да службовай асобы або індывідуальнага прадпрымальніка выносіцца папярэджанне, пры паўторным парушэнні на працягу года – штраф ад 4 да 10 базавых велічыняў. Аднак спадзяюся, што размешчаныя на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна будаўнічыя пляцоўкі будуць узорнымі і прымяняць адміністрацыйныя санкцыі не прыйдзецца.

Наталля АВЯРЧУК
Фота з архіву рэдакцыі і Лідскага аддзела інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga