Бестурботнасць можа каштаваць жыцця

Грамадства Свежыя навіны

Усе мы ведаем, што з электрычнасцю трэба абыходзіцца асцярожна.

Аднак ва ўтульнай хатняй абстаноўцы мы часта забываем аб правілах бяспекі, наступствы чаго могуць быць трагічнымі.

Прычыны няшчасных выпадкаў з электрычнасцю ў побыце застаюцца нязменнымі на працягу дзесяцігоддзяў: парушэнне правіл эксплуатацыі або выкарыстанне няспраўных электрапрыбораў, неасцярожнасць або няўважлівасць пры выкарыстанні электрычнасці, спробы самастойнай разборкі і рамонту электрычных прыбораў. Пацвярджэнне гэтаму – няшчасныя выпадкі, якія адбыліся cёлета.

Жыхар вёскі Старая Удава Шклоўскага раёна, праводзячы работы на даху, дакрануўся да неізаляванага проваду адгалінавання да жылога дома і атрымаў паражэнні электрычным токам. Пацярпелы быў дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне мясцовай бальніцы.

Хлопчык 2017 года нараджэння з аграгарадка Сінегава Старадарожскага раёна Міншчыны, знаходзячыся ў двары свайго дома, дакрануўся да часткова ізаляванага проваду, які сілкаваў электрычнасцю артэзіянскую свідравіну. Хлопчык быў смяротна траўмаваны токам.

Жыхар Міцькаўшчыны Аршанскага раёна рамантаваў “цёплую” падлогу. Пацярпелы не адключыў провад ад электрычнай сеткі да пачатку работ, з-за чаго патрапіў пад напружанне і загінуў.

Жыхар вёскі Старая Руда Гродзенскага раёна ўключыў у разетку электрападаўжальнік, пасля чаго працягнуў кабель каля 30 метраў з дома да саду, каб падключыць электрычны прыбор. Узяўшыся рукамі за ўчастак падаўжальніка з пашкоджанай ізаляцыяй, ён быў смяротна траўмваны электрычным токам.

Паважаныя грамадзяне! Памятайце: выкарыстанне пашкоджаных, няспраўных электрапрыбораў і электраправодкі забаронена. Беражыце сябе і сваіх блізкіх.

Вячаслаў КЕЦЬ,
начальнік райэнергаінспекцыі
Андрэй ГОМАН,
намеснік галоўнага інжынера Дзятлаўскага РЭС

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: