Як па-новаму адчужаць і набываць пустуючыя дамы ў сельскай мясцовасці?

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

На Дзятлаўшчыне шмат увагі надаецца добраўпарадкаванню і ўтрыманню населеных пунктаў, у тым ліку невялікіх вёсак.

На жаль, з-за ўрбанізацыі на сяле з’яўляецца ўсё больш нежылых пустуючых дамоў. Магчымыя спадчыннікі такой маёмасці заяўляць аб сваіх правах не спяшаюцца, вось і становіцца гэта “дабро” галаўным болем сельскіх выканаўчых камітэтаў.

Менавіта на ўдасканаленне ўключэння ў абарот невыкарыстоўваемых жылых дамоў і зямельных участкаў у сельскай мясцовасці, а таксама на спрашчэнне парадку набыцця такіх жылых дамоў скіраваны новы Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі”, які ўступіў у сілу 27 верасня 2021 года.

Якія перавагі гэты нарматыўны дакумент прадугледжвае для органаў мясцовага самакіравання і людзей, жадаючых займець свой “домік у вёсцы”, расказаў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Васіль Пяцюк:

– Увагу варта звярнуць на чатыры галоўныя “плюсы” Указа № 116. Па-першае, у ім прапісана магчымасць адчужэння жылых дамоў у сельскіх населеных пунктах і гарадах раённага падпарадкавання па дагаворах куплі-продажу, мены, дарэння без наяўнасці правазасведчвальных дакументаў на гэтыя дамы і зямельныя ўчасткі, на якіх яны знаходзяцца. Па-другое, прадугледжана рэгістрацыя такіх дагавораў без спагнання аплаты. Па-трэцяе, чалавек, які набывае такую маёмасць, у далейшым сам афармляе правазасведчвальныя дакументы на дом і ўчастак. Па-чацвёртае, удасканалены парадак работы мясцовых выканаўчых камітэтаў з пустуючымі, у тым ліку струхнелымі, дамамі.

Разгледзім гэтыя палажэнні больш дэталёва.

Эксплуатуемыя да 8 мая 2003 года жылыя дамы ў сельскай мясцовасці могуць быць адчужаны па дагаворах без правазасведчвальных дакументаў, калі звесткі аб іх унесены ў пагаспадарчую кнігу сельвыканкама, або яны пабудаваны на ўчастках, прадастаўленых па заканадаўстве аб ахове і выкарыстанні зямель, незалежна ад дзяржаўнай рэгістрацыі правоў на ўчасткі. Дагаворы куплі-продажу, мены, дарэння на такія дамы заключаюцца ў простай пісьмовай форме, рэгіструюцца ў мясцовым выканаўчым камітэце без аплаты і лічацца заключанымі з дня рэгістрацыі. У далейшым новы ўласнік сам афармляе правазасведчвальныя дакументы на дом і ўчастак.

Для аўтаматызацыі работы выканкамаў і павышэння інфармаванасці грамадзян Указам № 116 прадугледжана фарміраванне з 1 студзеня 2023 года дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурса “Адзіны рэестр пустуючых дамоў”, доступ да якога для ўсіх жадаючых будзе свабодны і бясплатны.

Продаж такой нерухомасці магчымы як праз аўкцыён, у тым ліку электронныя таргі, так і без яго. Прадугледжана магчымасць паніжэння цаны аж да адной базавай велічыні пры продажы абодвума гэтымі спосабамі. Пакупніку па яго пісьмовай заяве можа быць прадастаўлена растэрміноўка аплаты да трох гадоў з дня падпісання дагавора роўнымі долямі без індэксацыі плацяжоў, пагасіць якую пры жаданні можна датэрмінова.

Спрошчана і працэдура зносу непрыдатнага для выкарыстання пустуючага дома: цяпер гэта магчыма зрабіць без распрацоўкі праектнай дакументацыі на знос і прадастаўлення зямельнага ўчастка.

Новаму карыстальніку зямельнага ўчастка Указам № 116 прадастаўлена права захаваць жылы дом, які на ім знаходзіцца і належыць зносу, пры ўмове, што на працягу аднаго года з дня афармлення правазасведчвальных дакументаў на ўчастак будуць выкананы рэканструкцыя або капітальны рамонт гэтага дома.

Калі ж аб’явіцца былы ўласнік пустуючай ці струхнелай нерухомасці, ён можа звярнуцца ў суд. Пры прызнанні патрабаванняў правамернымі дом яму вернуць, калі яшчэ не паспелі прадаць або знесці. У праціўным выпадку – кампенсуюць кошт грашыма або прадаставяць раўнацэнны жылы дом у гэтай жа мясцовасці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: