У райвыканкаме. Па правілах і па-чалавечы

Важнае Улада

На парадак дня пасяджэння раённага выканаўчага камітэта былі вынесены пытанні аб рабоце назіральных камісій па арганізацыі бяспечных умоў пражывання пажылых грамадзян і інвалідаў у асенне-зімовы перыяд; аб эфектыўнасці прымаемых мер, накіраваных на прафілактыку безнагляднасці і правапарушэнняў, п’янства, наркаманіі сярод непаўналетніх, абарону іх правоў і законных інтарэсаў; аб пустуючых і старых дамах.

Назіральныя камісіі: задача адна – не дапусціць бяды

Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, па стане на 1 кастрычніка ў базе даных Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна зарэгістраваны 5774 пажылыя грамадзяніны і інваліды, у тым ліку: 4 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, 523 адзінокія, 4048 жывуць адзінока і 1094 пажылыя грамадзяніны, якія пражываюць з працаздольнымі сваякамі.

Назіральнымі камісіямі за 9 месяцаў бягучага года вывучаны супрацьпажарны стан 5917 домаўладанняў грамадзян, з іх 3505 домаўладанняў адзінокіх, адзінока пражываючых пажылых грамадзян і інвалідаў. Па выніках абследаванняў выкананы рамонты пячнога ацяплення ў 68 дамах, электраправодак – у 35, устаноўлена 77 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, у тым ліку за кошт сродкаў дзяржаўнай праграмы “Сацыяльная абарона”.

Праведзена тлумачальная работа па размяшчэнні пажылых грамадзян на асенне-зімовы перыяд ва ўстановы з кругласутачным знаходжаннем або да сваякоў. Такую патрэбу мелі 435 грамадзян. У аддзяленне кругласутачнага знаходжання паехалі 15, у дом сумеснага самастойнага пражывання 4, на сацыяльныя ложкі 10, у дамы-інтэрнаты 4, астатніх (402) забралі сваякі.

Асаблівую трывогу выклікаюць пажылыя грамадзяне, якія пражываюць сумесна з асобамі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця і злоўжываюць спіртнымі напоямі. Паводле інфармацыі сельскіх саветаў у раёне 60 сем’яў, у якіх пражывае 65 пажылых і 60 асацыяльных грамадзян. Удзельнікі назіральных камісій наведваюць такія сем’і рэгулярна. Пры наведванні праводзіцца прафілактычная работа з дадзенай катэгорыяй грамадзян. Больш за два дзясяткі аматараў алкагольных напояў ужо паехалі сёлета ў лячэбна-працоўны прафілакторый, у адносінах яшчэ да некаторых рыхтуюцца дакументы.

– Не будзе лішнім праваахоўнікам правесці дадатковае абследаванне домаўладанняў, у якіх пражываюць састарэлыя грамадзяне са сваякамі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, для вывучэння бяспечных умоў іх пражывання, узяць гэта на асаблівы кантроль, – адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Работнікам Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва трэба і надалей тлумачыць пажылым людзям, што для іх жа больш бяспечна знаходзіцца ў зімовы перыяд у добрапрыстойных сваякоў або ў стацыянарных установах медыцынскага і сацыяльнага абслугоўвання, у тым ліку ў дамах сумеснага пражывання, што актыўна практыкуецца ў нашым раёне.

Будучыня дзяцей. Набалелае пытанне

Адзначаецца значны рост колькасці непаўналетніх, затрыманых за ўжыванне алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва. У 2020 годзе камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны 4 непаўналетнія (4 факты), за 9 месяцаў 2021 года – 15 непаўналетніх (16 фактаў).

Аналіз прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню непаўналетнімі такой катэгорыі правапарушэнняў, паказаў, што большасці падлеткаў набывалі спіртное паўналетнія грамадзяне. Супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама за 9 месяцаў бягучага года ўстаноўлены і прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 8 такіх асобаў.

У гэтым годзе затрыманы непаўналетні навучэнец адной са школ райцэнтра, які заклікаў да арганізацыі мітынгу, вулічнага шэсця. Справа ў дачыненні да яго спынена ў сувязі з недасяганнем узросту прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Законныя прадстаўнікі непаўналетняга прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне абавязкаў па выхаванні сына, з навучэнцам арганізавана індывідуальная прафілактычная работа па месцы вучобы.

Па выніках 9 месяцаў каардынацыйным саветам 61 непаўналетні з 31 сям’і прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы (за 2020 год – 39 непаўналетніх з 19 сем’яў). Эфектыўнасць работы па зняцці дзяцей з уліку ў сувязі з нармалізацыяй сітуацыі ў сем’ях складае толькі 33,3 %. Вырас паказчык сацыяльнага сіроцтва.

Пытанням безнагляднасці дзяцей, прафілактыкі сямейнага недабрабыту, правапарушэнняў у падлеткавым асяроддзі, абароне правоў і інтарэсаў дзяцей надаецца шмат увагі. У работу з непаўналетнімі прыцягваюцца міжведамасныя рэсурсы ўстановаў адукацыі, культуры, фізічнай культуры і спорту, аховы здароўя, Беларускай Праваслаўнай Царквы, грамадскіх аб’яднанняў. Між тым, як пагаджаліся на пасяджэнні намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан і намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жадзейка, прафілактычная работа з навучэнцамі часта арыентавана на масавыя формы работы, недастатковая ўвага надаецца арганізацыі папераджальнай прафілактычнай работы і своечасоваму выяўленню непаўналетніх, схільных да супрацьпраўных учынкаў. Па шэрагу напрамкаў прынятыя меры не з’яўляюцца вычарпальнымі і патрабуюць карэкціроўкі, асабліва ў бок індывідуальнага падыходу.

Немалаважнасць работы класных кіраўнікоў з бацькамі школьнікаў адзначаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. Ён настойваў на пазіцыі, што класны кіраўнік з’яўляецца фармальным і фактычным носьбітам культуры, арганізатарам і ўдзельнікам калектыўнай дзейнасці дзяцей, памочнікам, натхняльнікам, настаўнікам, апекуном і сябрам сваіх выхаванцаў. Ён павінен улічваць узроставыя асаблівасці школьнікаў і над іх праблемамі працаваць у цесным супрацоўніцтве з бацькамі.

Дагледжаны выгляд і рацыянальнае выкарыстанне зямлі

На Дзятлаўшчыне праводзіцца значная работа па зносе пустуючых і старых дамоў, навядзенні парадку на зямлі, а таксама прыцягненню вызваленых участкаў у севазварот.

Жыхароў у вёсках, аддаленых ад райцэнтра або аграгарадка, становіцца ўсё менш, і з гэтым трэба мірыцца.

Па выніках інвентарызацыі, праведзенай сельвыканкамамі і раённай камісіяй па абследаванні стану жылых дамоў, на 15 кастрычніка 2021 года на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна знаходзіцца 3643 незаселеныя дамы. На 3377 дамоў маюцца апавяшчэнні аб намеры выкарыстоўваць жылы дом для пражывання; пустуючых дамоў, якія падлягаюць абследаванню, сёння 61, аварыйных і старых дамоў, якія падлягаюць абследаванню, – 18, дамоў, якія знаходзяцца ў рэестры пустуючых дамоў, – 56.

Як расказаў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Васіль Пяцюк, сёлета абследавана 104 пустуючыя дамы. Уласнікам незаселеных дамоў накіравана 206 пісьмовых прадпісанняў аб спыненні іх безгаспадарчага ўтрымання. Па 159 прадпісаннях уласнікамі прыняты меры і парушэнні ліквідаваны. Па 47 прадпісаннях тэрмін ліквідацыі парушэнняў яшчэ не скончыўся.

За 2021 год сельвыканкамамі праведзена значная работа па ўпарадкаванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі, размешчанымі на падведамасных тэрыторыях.

Па Указе № 357 знесены 23 пустуючыя дамы, уласнымі сіламі спадчыннікаў знесены 14 дамоў. У стадыі разборкі знаходзяцца 17 дамоў.

У гэтым годзе заселены 29 пустуючых дамоў: у Парэцкім (11 дамоў), Жукоўшчынскім (6 дамоў), Данілавіцкім (5 дамоў), Вензавецкім (3 дамы), Дварэцкім (2 дамы) і па адным доме ў

Войневіцкім і Дзятлаўскім сельсаветах. Адрамантаваны адзін незаселены дом у Казлоўшчынскім сельсавеце.

Усімі сельвыканкамамі абноўленыя ў поўным аб’ёме апавяшчэнні аб намеры выкарыстоўваць жылыя дамы для пражывання.

З 26 верасня 2021 года ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 сакавіка 2021 года № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі”, згодна з якім будзе арганізавана далейшая работа. (Падрабязны каментарый і тлумачэнні Васіля Пецюка па новым Указе будуць апублікаваны ў бліжэйшых нумарах газеты “Перамога”).

– На тэрыторыі большасці сельскіх саветаў раёна работа па засяленні пустуючых і зносе пустуючых старых дамоў была арганізавана дастаткова добра, недапрацоўкі бачу па райцэнтры і Жукоўшчынскім сельсавеце, тут трэба прыняць пэўныя рашэнні. Безумоўна, навядзенне парадку на зямлі, у прыватнасці знос пустуючых і старых дамоў, патрабуе сіл, часу, вырашэння юрыдычных пытанняў і немалых матэрыяльных выдаткаў. Але вынік таго варты, – падрахункаваў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.

Ірына КАМАРОВА



Теги: