Што павінны ведаць бацькі непаўналетніх?

Грамадства Свежыя навіны

Падлеткавы перыяд найбольш складаны як у жыцці самога дзіцяці, так і яго бацькоў, выхавальнікаў.

Ідзе актыўная праверка: што дазволяць – за што пакараюць? Нават калі межы паводзінаў дакладна акрэслены, у час свавольства ці ў кампаніі равеснікаў непаўналетнія здольны на ўчынкі, якія, здавалася б, у іншых абставінах ажыццявіць не маглі.

Якія патрабаванні заканадаўства абавязкова трэба ведаць бацькам і пра што яны павінны нагадваць сваім дзецям, расказала намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан.

– З 1 сакавіка 2021 года пачаў дзейнічаць новы Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, – падкрэслівае Святлана Віктараўна. – Паводле гэтага нарматыўнага дакумента адміністрацыйнай адказнасці падлягаюць непаўналетнія, якія дасягнулі 16-і гадоў. Ва ўзросце 14-16 гадоў дзеці панясуць такую адказнасць толькі за наўмыснае нанясенне цялеснага пашкоджання, іншыя гвалтоўныя дзеянні ці парушэнне ахоўнага прадпісання; за абразу; дробны крадзеж; наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне чужой маёмасці; жорсткае абыходжанне з жывёлай ці пазбаўленне ад яе; дробнае хуліганства.

Ёсць яшчэ адно значнае адрозненне: у новай рэдакцыі КоАП з’явілася частка 9 “Адміністрацыйная адказнасць непаўналетніх”, якой не было ў папярэднім Кодэксе. Ёю прапісаны асаблівасці накладання адміністрацыйнага спагнання на непаўналетніх. Патлумачу. Па-першае, у дачыненні да непаўналетняга не могуць выкарыстоўвацца грамадскія работы і адміністрацыйны арышт. Па-другое, памер накладзенага на дзіця штрафу не можа перавышаць дзвюх базавых велічыняў, а пры выкарыстанні санкцыі для індывідуальнага прадпрымальніка, – чатырох базавых велічыняў. Звярніце ўвагу, што такія абмежаванні па грашовай суме заканадаўца ўводзіць з пазнакай: “незалежна ад памеру штрафу, прадугледжанага ў санкцыі”. У выпадку, калі санкцыя прадугледжвае адміністрацыйнае спагнанне толькі ў выглядзе штрафу, а ў непаўналетняга адсутнічае заробак, стыпендыя, iншы даход, да яго будуць выкарыстаны меры выхаваўчага ўздзеяння.

Па-трэцяе, такое спагнанне, як пазбаўленне права займацца пэўнай дзейнасцю, на непаўналетняга можа накладацца не больш як на адзін каляндарны год.

Не менш важны для бацькоў наступны нюанс: незалежна ад катэгорыі адміністрацыйнага правапарушэння, непаўналетні можа быць вызвалены ад адміністрацыйнай адказнасці з выкарыстаннем да яго папярэджання. Аднак многія дарослыя, пачуўшы такі “вердыкт”, лічаць, што ўчынак іх дзіцяці “абнуляецца”. Гэта не так: папярэджанне з’яўляецца найбольш мяккім відам адміністрацыйнага пакарання, яно ўносіцца ў базу і можа “сыграць злы жарт”, калі на працягу каляндарнага года з дня накладання такога спагнання падлетак паўторна здзейсніць аналагічны супрацьпраўны учынак.

Таксама бацькам і падлеткам неабходна ведаць, што ў выпадку вызвалення ад адказнасці за распіццё спіртнога матэрыялы ўсё роўна накіроўваюцца ў камісію па справах непаўналетніх райвыканкама, таму што Законам аб прафілактыцы прадугледжана абавязковае правядзенне на працягу каляндарнага года індывідуальнай прафілактычнай работы з юным аматарам алкаголю. Не варта здзіўляцца, што, каб паставіць такое дзіця на правільны шлях, цэлы год з ім будуць працаваць праваахоўнікі, педагогі, доктар-нарколаг.

Іншыя адміністрацыйныя правапарушэнні, учыненыя да ўзросту адказнасці, таксама з’яўляюцца падставай для прафілактычнай размовы на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх і iндывiдуальнай прафiлактычнай работы з падлеткам па месцы навучання. А для бацькоў такога дзіцяці – падставай для вывучэння належнага выканання імі абавязкаў па выхаванні дзяцей і накладання адміністрацыйнай адказнасці. Калі высветліцца, што бацькі ці асобы, якія іх замяняюць, не выканалі абавязкаў па выхаванні дзяцей і гэта прывяло непаўналетніх, малодшых за ўзрост адказнасці, да адміністрацыйнага ці крымінальнага правапарушэння, дарослыя могуць атрымаць штраф да 10 базавых велічыняў. Штраф да 2 базавых велічыняў пагражае і законным прадстаўнікам, якія не выканалі абавязкаў па суправаджэнні дзіцяці да 16 гадоў па-за жылля ў цёмны час сутак – з 23 да 6 гадзін.

Нарэшце, Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях вызначаны тэрмін, пасля якога непаўналетні лічыцца не падвергнутым адміністрацыйнаму спагнанню. Ва ўзросце 14-18 гадоў:

– з дня выканання пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання за ўчыненне адміністрацыйнай правіны;

– па заканчэнні двух месяцаў з дня выканання пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання за ўчыненне значнага адміністрацыйнага правапарушэння;

– па заканчэнні шасці месяцаў з дня выканання пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання за ўчыненне грубага адміністрацыйнага правапарушэння.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: