Самая абаяльная і прывабная Надзея Бяржаніна

Галоўнае Культура і адпачынак

Конкурс прыгажосці сярод дам элегантнага ўзросту “Бенефіс жанчыны” прайшоў у Лідзе.

Удзел у ім прымалі 11 мудрых, прывабных прадстаўніц Лідчыны, Дзятлаўшчыны, Іўеўшчыны, Воранаўшчыны. Дыплом ІІ ступені заваявала наша зямлячка Надзея Бяржаніна.

Прыгажуня элегантнага ўзросту падзялілася сакрэтамі поспеху на конкурсе і расказала, як на пенсіі жыве цікавым, актыўным жыццём.

– Даўно наведваю клуб “Нам гады не бяда” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мы часта ладзім сустрэчы, конкурсы, экскурсіі, дабрачынныя акцыі, выставы і майстар-класы. Людзям “залатога ўзросту” Дзятлаўшчыны талентаў не займаць. Загадчыца нашага клуба Галіна Касцюк, ведаючы, што я “лёгкая на пад’ём”, прапанавала паўдзельнічаць у “Бенефісе жанчыны”. Прызнаюся, што згадзілася не адразу, паколькі былі жыццёвыя абставіны, што перашкаджалі рэпетыцыям. На падрыхтоўку застаўся тыдзень, аднак у мяне былі надзейныя памочнікі, якія ўнеслі свой уклад у маю будучую перамогу. Кіраўнік тэатра роставых лялек Іван Каско падабраў музыку для выступлення, зрабіў фотапрэзентацыі, даў некалькі карысных парадаў, як паводзіць сябе на сцэне. Паставіць танец і стварыць вобраз дапамагла педагог-арганізатар гімназіі Марына Шыкуць. У многіх творчых нюансах пасадзейнічала загадчыца сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Ганна Харлінская. Маральна мяне падтрымала спецыяліст Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Алена Якаўчык.

– Значыць, на лідскую сцэну вы выйшлі ўпэўненая ў сабе?

Спачатку вельмі хвалявалася, нават не памятаю, ці сказала ўвесь тэкст “Візітнай карткі”, але, дзякуючы шчырай падтрымцы гледачоў, упэўненасць да мяне вярнулася. Дэвізам па жыцці я выбрала “Вандроўнік”, бо старасць мяне дома не застане. Першы раз на сцэну выходзіла ў спартыўнай форме з рукзаком і навушнікамі – пачалі апладзіраваць, а калі зрабіла зарадку, зала проста “загудзела” ад апладысментаў, тады я зразумела, што шанц выйсці ў лідары ёсць.

У конкурсе пытанняў мне дасталося: “Чаго пажадаеш сваёй краіне?”. Нашай невялікай, утульнай прыгажуні Беларусі я зычыла працвітання, міру, народнага адзінства.

Трэцяе конкурснае заданне патрабавала пераўвасобіцца ў якую-небудзь зорку. Блізкім для сябе я палічыла вобраз Алы Пугачовай – загадкавай і бойкай жанчыны. У паліто з парасонам і чамаданам я выйшла пад песню “Мадам Брошкіна”, калі загучала “Гэй вы, там, наверсе”, скінула верхняе адзенне і засталася ў халаце і бігудзі, ад іх пазбавілася пад хіт “Ах, лета звонкае!”, дайшоўшы нарэшце да ярка-жоўтай моднай сукенкі.

Чацвёртым заданнем быў вальс. На жаль, у мяне не было свайго партнёра, танцаваць давялося з мужчынам з Лідчыны, мяркую, справіліся добра. Завяршальным выхадам было дэфіле ў вячэрніх сукенках.

– Што вам дапамагае дабівацца поспехаў у жыцці?  

– Мая актыўнасць, імкненне знаходзіць цікавыя заняткі, уменне ладзіць з людзьмі. Мяркую, гэтаму паспрыялі 30 гадоў работы ў сферы гандлю. Ад усёй душы люблю сваіх сына і прыёмную дачку, чатырох унукаў. Стараюся зрабіць ім прыемнае. Калі ўнукі падрасталі, замест жакетаў і шалікаў пачала вязаць для іх цацкі, сабралася буйная калекцыя такіх работ. Яшчэ я люблю гатаваць. Родныя часта гасцююць у мяне, збіраемся разам на святы. Меню для такіх сустрэч абмяркоўваем загадзя, таму часта чую: “Бабуля, у цябе цудоўна, усё, як у рэстаране”. Сярод актыўных захапленняў – дачныя клопаты, паходы па ягады і грыбы, скандынаўская хадзьба, стараюся таксама не прапускаць сустрэчы ў клубе “Нам гады не бяда”, бо люблю знаходзіцца сярод людзей, дзяліцца радасцю і добрым настроем.

– Ці спадабаўся конкурс у Лідзе?

– Цудоўнае мерапрыемства. Яно прынесла мне шмат станоўчых эмоцый, новыя знаёмствы і дыплом прызёра. Надоўга запомніцца і канцэрт ад артыстаў Лідчыны. Я вельмі ўдзячна ўсім, хто мне дапамог трапіць на конкурс і дабіцца поспеху.

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара і lidanews.by

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga