Рука дапамогі ад Чырвонага Крыжа

Да ведама грамадзян Свежыя навіны

З 1 кастрычніка па 5 снежня ў нашай краіне праходзіць дабрачынная кампанія Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа “Ваша дапамога”.

Як патлумачыла старшыня раённай арганізацыі Галіна Касцюк, мерапрыемства скіравана на падтрымку адзінокіх пажылых людзей і тых, хто жыве адзінока, інвалідаў, падапечных медыка-сацыяльнай службы Чырвонага Крыжа “Дапамога”.

У гэты час валанцёры аб’яднання імкнуцца прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемаў гэтай катэгорыі насельніцтва. Людзі шаноўнага ўзросту, як і ўсе мы, павінны мець магчымасць весці актыўнае, цікавае, насычанае жыццё, адчуваць сябе патрэбнымі і рэалізаванымі. Калі ж здароўе не дазваляе гэтага ў поўнай меры, валанцёры абавязкова акажуць неабходную дапамогу.

На Дзятлаўшчыне актывісты Чырвонага Крыжа ўжо дапамагаюць названай катэгорыі жыхароў падграбаць лісце, збіраць ураджай яблыкаў, прыбіраць на падворках. Работа працоўных дэсантаў будзе прадоўжана і надалей.

Таксама Галіна Эдвардаўна расказала, што раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа згодна спісаў, прадастаўленых упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, выдзеліла грашовыя ваўчары некалькім пажылым жыхарам раёна і інвалідам першай-другой групаў з асабліва нізкім матэрыяльным дастаткам. На ваўчары ў магазіне-партнёры “Еўраопт”яны змаглі набыць харчовыя прадукты і рэчы асабістай гігіены.

Дабрачынная кампанія “Ваша дапамога” прадаўжаецца, аказваць падтрымку пажылому насельніцтву могуць усе нераўнадушныя дзятлаўчане.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga