Развод бацькоў вачамі дзяцей

Важнае Грамадства

Распад сям’і – вострая праблема сучаснага грамадства, які  з’яўляецца стрэсавай сітуацыяй і пагражае парушэннем душэўнай раўнавагі не толькі былым партнёрам, але і іх дзецям.

Адно з ранніх наступстваў такога стрэсу для непаўналетніх – парушэнне іх адаптацыі ў паўсядзённым жыцці. Аддаленыя наступствы могуць тычыцца глыбокіх змяненняў асобы дзіцяці, уяўленняў пра каханне і тое, якой павінна быць сям’я.

Што хвалюе дзяцей, калі іх бацькі расстаюцца?

Яны баяцца страціць стасункі з бацькам ці маці, некаторымі сябрамі і членамі сям’і.

Страх у дзіцяці выклікаюць будучыя змяненні: верагодна, давядзецца прыстасоўвацца да новых абавязкаў, рэжыму дня, месца жыхарства.

Непаўналетнія баяцца, што калі засталіся без аднаго з бацькоў, то могуць застацца без другога, перажываюць, што іх могуць аддаць у дзіцячы дом, хвалююцца, хто будзе пра іх клапаціцца.

Спрэчкі і напружанасць паміж бацькамі могуць выклікаць пачуццё віны ў дзяцей за тое, што адбываецца. Спроба ўцягнуць непаўналетніх у дарослы канфлікт будзіць пачуццё адзіноты.

Дадатковыя стрэсавыя фактары – пераход у іншую школу, пераезд і паўторны бацькоўскі шлюб.

Паспяховасць адаптацыі дзіцяці пасля разводу бацькоў залежыць ад многіх фактараў. Калі развод завяршае доўгі перыяд сварак і цяжкіх перажыванняў, ён можа ўспрымацца непаўналетнімі як палёгка.

Уменне разведзеных мужа і жонкі прызвычаіцца да новых абставінаў аказвае галоўны ўплыў на адаптацыю падлеткаў, і наадварот, чым больш перажываюць дарослыя, тым больш парушаецца душэўная раўнавага дзяцей. Найменш траўмуючымі тыпамі ўзаемаадносінаў разведзеных бацькоў з’яўляюцца тыя, пры якіх былыя пары могуць добра ўзаемадзейнічаць ва ўсім, што тычыцца дзяцей.

Калі пасля скасавання шлюбу дарослы, які пакідае сям’ю, атрымлівае магчымасць бесперашкодна сустракацца з дзецьмі, негатыўныя наступствы мінімізуюцца (пры ўмове спрыяльнага ўплыву на дзяцей). Сітуацыя ўскладняецца, калі на такія адносіны накладаецца забарона і дзіцяці нельга любіць, нават думаць пра гэтага чалавека.

Пасля разводу абодвум бацькам важна падтрымліваць дзіця, улічваць яго інтарэсы, паказваць, што яно любімае, што сям’я не перастала быць сям’ёй, проста крыху змянілася.

Іна НІЧЫПАРОВІЧ,
сацыяльны педагог СПЦ горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga