Мамы ў пагонах. Імі ганарыцца не толькі міліцыя

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Гэта цікавыя, прывабныя, лёгкія ў размове жанчыны, і, калі іх сустракаеш на вуліцы ў моднай сукенцы за руку з дзецьмі, цяжка сабе ўявіць, што элегантныя прыгажуні на службе носяць пагоны і берагуць наш з вамі спакой.

Хто яны, матулі-міліцыянеры, як жывуць, аб чым мараць? Напярэдадні Дня маці пра ўсё гэта і не толькі мы даведаліся ў маёра міліцыі, старшага інспектара групы па грамадзянстве і міграцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама Вольгі Ламакі.

Працаваць у міліцыю Вольга Іванаўна прыйшла ў 2007 годзе пасля заканчэння юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і трохмесячных курсаў прафесійнай падрыхтоўкі ў Мінску. Службу пачынала ў інспекцыі па справах непаўналетніх, літаральна праз год перавялася ў групу па грамадзянстве і міграцыі. У 2012-м была прызнана “Лепшым супрацоўнікам” гэтага падраздзялення па Гродзенскай вобласці. Кіраўніцтва аддзела неаднаразова адзначала яе высокі прафесіяналізм. За гады службы ў Вольгі Ламакі былі толькі два перапынкі ў рабоце, калі яна выходзіла ў дэкрэт і на “поўную стаўку”, без святаў і выхадных, кругласутачна “працавала” мамай, падгадоўваючы дваіх дзяцей – старэйшага сына Ілью і малодшую дачку Крысціну.

Цяпер службовыя будні Вольгі Іванаўны праходзяць у штатным рэжыме, бо сыну ўжо 19 гадоў, ён студэнт другога курса эканамічнага факультэта сталічнага БДЭУ і дома бывае не часта. Больш увагі да сябе патрабуе пяцігадовая Крысціна, якая наведвае дзіцячы садок. Безумоўна, дачушцы хацелася б, каб мама была заўсёды побач, але яна стойка церпіць растанні, і на час матуліных сутачных дзяжурстваў застаецца з татам. Затое дзяўчынка заўсёды можа пахваліцца перад сябрамі і аднагрупнікамі: “Мая мама – міліцыянер, у яе ёсць сапраўдны пісталет!”. Праўда, вобраз “строгага ахоўніка правапарадку” – гэта для іншых, а для самой Крысціны матуля – самы пяшчотны чалавек, з якім можна памаляваць, павучыць вершы, спячы што-небудзь смачненькае.

– Быць “мамай у пагонах” складана, бо на дзяцей застаецца не так шмат часу, як хацелася б, – прызнаецца Вольга Іванаўна. – Тым не менш, патраціць яго стараюся на прыемныя хвілінкі. Разам з дачкой мы любім пагуляць на свежым паветры. Цяпер спяшаемся атрымаць асалоду ад ясных дзён залатой восені. Ходзім у парк, збіраем букеты з лісця, кормім качак.

На пытанне, якая вы матуля, Вольга Ламака адказвае без ваганняў:

– Увогуле, розная. Калі неабходна, строгая і патрабавальная, а часцей пяшчотная і цярплівая, бо міліцэйская прафесія навучыла быць стойкай, цаніць жыццё, дарыць увагу блізкім людзям. Нарэшце, калі я вешаю ў шафу форму, то станаўлюся проста мамай, проста жонкай, стараюся быць мяккай, суровасць – для будняў.

Безумоўна, складана сумяшчаць службу і хатнія абавязкі, але я прывыкла ўсё паспяваць, ды і муж “падстаўляе плячо”, разумеючы асаблівасці маёй прафесіі.

Родныя клапоцяцца пра Вольгу Іванаўну, стараюцца як мага часцей рабіць для яе што-небудзь прыемнае. Сярод апошніх сюрпрызаў ад мужа і дзяцей Вольга Іванаўна называе новы мабільны тэлефон, які атрымала ў падарунак, прызнаецца, што памяняць старую мадэль марыла даўно.

А вось самая запаветная мара мамы-міліцыянера – адна на дваіх з дачкой. Крысціна яшчэ ні разу ў жыцці не была на моры, вельмі хоча яго ўбачыць. Вольга шкадуе, што пакуль зрабіць гэта праблематычна з-за каранавірусу. Са старэйшым сынам, які ў дзяцінстве быў хваравіты, сям’я Ламакаў неаднаразова адпачывала на цёплых курортах, як жа хочацца падарыць такія ж “сонечныя” ўспаміны і малодшай дачушцы!

Дарэчы, пандэмія “адклала надалей” і ажыццяўленне галоўнай мары сына – трапіць на футбольны матч любімай каманды “Барселона”. І ўсё ж юнак і яго родныя спадзяюцца, што ў будучым гэта стане магчымым.

Таму да Дня маці жанчынам Дзятлаўшчыны Вольга Іванаўна зычыць, каб іх запаветныя жаданні збываліся, каб у сем’ях панавалі лад і згода, дзеці былі здаровымі, радавалі сваімі паводзінамі і дасягненнямі.

Міні-анкета:

Любімыя кветкі – хатнія архідэі.

Любімы час сутак – вечар з сям’ёй.

Любімыя кнігі – жаночыя раманы.

Любімая кінастужка – “Паласаты рэйс”.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga