Маміна майстэрства ў кожным пакаленні

Важнае Культура і адпачынак

У рамках Тыдня маці і Года народнага адзінства ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна адкрылася і працуе выстава майстрых-рукадзельніц аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей пад сімвалічнай назвай “Усё пачынаецца з мамы”.

Як расказала загадчыца Галіна Касцюк, на базе аддзялення працуюць гурткі “Майстрыха” і “Рукадзельніца”, таму падобныя выставы ладзяць тут не першы раз. Цяпер асноўны акцэнт зроблены на лён, які з даўніх часоў з’яўляецца сімвалам нашай краіны. Уменне апрацоўваць “беларускі шоўк” і вырабляць з яго самабытныя рэчы аб’ядноўвае многія пакаленні нашых зямлячак. Ільняная нітачка нібыта цягнецца праз стагоддзі, злучаючы матуляў і дачок, бабуляў і ўнучак, перадаючы ўменне і талент ствараць прыгожае з пакалення ў пакаленне.

Выстава “Усё пачынаецца з мамы” сабрала дзясяткі яркіх і адметных работ рукадзельніц аддзялення Ядвігі Гушчы, Надзеі Бяржанінай, Ліліі Коласавай, Алы Кучынскай, Галіны Хайко, Таццяны Хілімончык. Здаецца, тут ёсць усё, чым матуля можа ўпрыгожыць быт сваёй сям’і: сурвэткі, кашпо, сумачкі, падушкі, капелюшы, традыцыйныя льняныя лялькі, аздобленыя ўручную віншавальныя паштоўкі, дэкаратыўныя мяцёлачкі-абярэгі і іншае.

Афармляючы экспазіцыі, Галіна Касцюк і спецыялісты аддзялення Алена Якаўчык і Наталля Сядляр пастараліся аздобіць іх дарамі восені, якія сімвалізуюць працавітасць і дабрабыт беларускага народа. “Маміна” выстава атрымалася па-дамашняму цёплай, кранальнай, прывабнай. Яна будзе папаўняцца новымі работамі і працаваць на працягу яшчэ некалькіх тыдняў.

– На жаль, у сувязі з ростам узроўню захворвання на каранавірусную інфекцыю, мерапрыемствы нашага аддзялення пераходзяць у дыстанцыйны фармат, – расказала Галіна Эдвардаўна. – Аднак, наведвальнікі і нашы майстрыхі не сядзяць склаўшы рукі. Дома яны прадаўжаюць займацца любімымі справамі, карыснай дзейнасцю і апошнімі сваімі дасягненнямі актыўна дзеляцца па тэлефоне. Дарэчы, пераважна тэлефоннымі былі і віншаванні да Дня маці для нашых мудрых жанчын. Праўда, прытрымліваючыся масачнага рэжыму і санітарных патрабаванняў, мы ўсё ж такі завіталі з падарункам у госці да пенсіянеркі з райцэнтра Ганны Бялятка, якая выгадавала пяцярых дзяцей, парадавалі “багатую” маму цёплымі віншаваннямі і пажаданнямі.

З наведвальнікамі аддзялення і надалей будзем падтрымліваць пастаянную тэлефонную сувязь, спраўляцца станам здароўя, пры неабходнасці аказваць дапамогу і дзяліцца ідэямі і задумкамі, якіх у нас вельмі шмат.

Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена Галінай КАСЦЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga