З 11 па 17 кастрычніка ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 65 паведамленняў, 2 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 12 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 51 – аб іншых здарэннях.
Да адміністрацыйнай адказнасці было прыцягнута 36 правапарушальнікаў, узбуджана 8 крымінальных спраў.
Куды прапаў “Аист”?
Жыхарка райцэнтра на веласіпедзе выбралася ў лес па грыбы. Двухколавы транспартны сродак маркі “Аист” жанчына “прыпаркавала” ў лясным масіве паблізу аграгарадка Раклевічы, аднак не замацавала спецыяльным замком. Затое неабачлівасцю грыбніцы скарыстаўся невядомы злодзей, чым нанёс уладальніцы “жалезнага каня” матэрыяльны ўрон у памеры 117 рублёў. Куды прапаў “Аист”, высвятляе міліцыя.
Злодзеям уваход не забаронены?
З незамкнёнай, неахоўваемай і не абсталяванай камерамі відэаназірання капітальнай пабудовы, якая належыць адной з арганізацый раёна і знаходзіцца ў вёсцы Труханавічы, невядомыя “паляўнічыя на метал” скралі 42 чыгунныя пліты. Уласніку маёмасці нанесены матэрыяльны ўрон у памеры 2955 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Засталася без залатых упрыгажэнняў
Літаральна за 25 хвілін, на працягу якіх адпачывальніца санаторыя “Радон” з Расійскай Федэрацыі знаходзілася на масажы, невядомы зламыснік скраў яе залатыя ўпрыгажэнні – ланцужок і крыжык коштам 1300 рублёў. Жанчына была непрыемна здзіўлена і звярнулася па дапамогу ў міліцыю. Праваахоўнікі адшукваюць вінаватага.
Міліцыя просіць грамадзян, якім што-небудзь вядома пра акалічнасці гэтых крадзяжоў, паведаміць на нумар 102 або ўчастковаму інспектару міліцыі.
Зайшоў на падворак – прапала бензапіла
Жыхар адной з вёсак нашага раёна не знайшоў на звычайным месцы сваёй бензапілы “Eco Csp” коштам 200 рублёў. Мужчына добра памятаў, што яшчэ мінулым вечарам пакінуў інструмент у незамкнёнай гаспадарчай пабудове. З просьбай дапамагчы ў пошуках ён звярнуўся ў міліцыю. Па гарачых слядах праваахоўнікі ўстанавілі, што на бензапілу паквапіўся беспрацоўны мясцовы жыхар. Вінаваты адкажа перад судом.
Пакупку аплаціла, але не дачакалася
Работніца аднаго з прадпрыемстваў нашага раёна ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” знайшла цікавую прапанову аб продажы кухоннага камбайна па памяркоўнай цане. Жанчына паспяшалася набыць карысную ў гаспадарцы рэч і перавяла на карт-рахунак прадаўца 100 рублёў. Як аказалася пазней, яна трапіла на вуду інтэрнэт-махляра з Украіны.
Міліцыя нагадвае жыхарам раёна, што ў інтэрнэце трэба быць асабліва ўважлівымі: не адгуквацца на сумніўныя прапановы, тым больш не пераводзіць грошы неправераным прадаўцам тавараў.
Не словамі, а кулакамі
Крымінальная справа ўзбуджана на беспрацоўнага маладога жыхара аднаго з аграгарадкоў раёна. У час знаходжання ў райцэнтры юнак пасварыўся з непаўналетнім мясцовым жыхаром і нанёс яму некалькі ўдараў па твары, чым прычыніў лёгкія цялесныя пашкоджанні.
Ігар ХІТРО,
намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga