Сімвалічна, што ў Дзень маці, які 14 кастрычніка адзначаецца ў Беларусі, прыемны падарунак атрымалі дзве шматдзетныя матулі Дзятлаўшчыны. За нараджэнне і выхаванне пяцярых дзяцей яны былі ўдастоены ордэна Маці.
Адпаведны Указ № 374 падпісаў 30 верасня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Вольга Янкоўская з аграгарадка Вензавец і Вольга Галавенка з Жукоўшчыны сталі 47 і 48 матулямі нашага раёна, за чвэрць стагоддзя адзначанымі ордэнам Маці.
Уручыць высокую ўзнагароду і павіншаваць маладых матуляў з пачэсным званнем прыехаў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі.
– Быць мамай пяцярых дзяцей – значыць мець вялікае сэрца, поўнае любові, сваё жыццё прысвяціць клопатам аб блізкіх, – звярнуўся да іх кіраўнік раёна. – З нагоды свята і атрымання ўзнагароды жадаю вам моцнага здароўя, цярпення і сілаў. Няхай дзеці вас заўжды радуюць.
Да віншаванняў далучыўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Таксама з падарункамі віноўніц урачыстасці наведалі намесніца старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Вольга Рагачова, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Алена Васкель. Віншавальны адрас падтрымалі землякі шматдзетных матуляў – старшыня Вензавецкага сельвыканкама Алег Шымко і кіраўнік спраў Жукоўшчынскага сельвыканкама Жанна Літвінская.
Вольга Янкоўская з Вензаўца, адзначаная ордэнам Маці, з’яўляецца хатняй гаспадыняй. Яе старэйшыя дзеці Аляксандр і Ганна вучацца ў сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава, малодшыя – Мілана, Елізавета і Арына – наведваюць дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава. Да канца гэтага года сям’ю Вольгі Вячаславаўны чакае яшчэ некалькі прыемных падзей: нараджэнне дзіцяці і пераезд у новую кватэру ў Дзятлаве, якую яны атрымаюць ад дзяржавы.
Вольга і Сяргей Галавенкі жывуць у Жукоўшчыне ва ўласным доме, выхоўваюць пяцярых дзяцей, іх малодшаму сыну Вадзіму вясной споўніўся толькі год. Алёна і Анастасія ўжо студэнткі: атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю ў каледжах у Слоніме, Дзіяна вучыцца ў Жукоўшчынскай базавай школе, а чатырохгадовая Дар’я выхоўваецца дома з бацькамі.
Да выхаду ў дэкрэтны адпачынак Вольга Віктараўна працавала ў Жукоўшчынскім дзіцячым садзе-базавай школе, а яе муж Сяргей Анатольевіч і сёння ў штаце КСУП “Жукоўшчына”. У вольны ад работы час ён дапамагае жонцы ў выхаванні дзяцей.
Шматдзетным бацькам пажадалі сямейнага шчасця, ладу і дабрабыту, здароўя, мудрасці, цярпення, доўгіх гадоў жыцця. А найвялікшае багацце ў іх ужо ёсць – гэта іх дзеці.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga