Ад бульбы і зерня – да песень і жартаў

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Чарговы сельскагаспадарчы кірмаш прайшоў 23 кастрычніка ў Дзятлаве на плошчы 17 Верасня.

Нягледзячы на халоднае надвор’е, ён сабраў шмат наведвальнікаў і, сапраўды, можа лічыцца буйнейшым сёлетнім сезонным распродажам.

Па добрай традыцыі ўдзел у кірмашы прынялі прадпрыемствы і спажывецкая кааперацыя, фермеры і ўласнікі асабістых дапаможных гаспадарак, гандлёвыя і сельскагаспадарчыя арганізацыі, прыватныя прадпрымальнікі, а таксама работнікі культуры.

Таму тут не толькі бойка ішоў гандаль, але і гучалі песні і жарты. Кірмаш для дзятлаўчан стаў месцам, дзе можна было купіць тавары на любы густ і выдатна правесці час.

Як заўжды, на “ўра” прайшла бяспройгрышная латарэя. Набыўшы білецік за тры рублі, яе ўдзельнікі выйгравалі карысныя прызы – талеркі, рушнікі, зерне, сурвэткі, агародніну.

А суперпрыз – жывы трус – дастаўся юнай шчаслівіцы Анастасіі Лупач з вёскі Ляда Мастоўскага раёна.

Добры настрой прысутным дарылі калектывы “Суседзі”, “Ятранка”, “Бахталачы”, “Мара”, артысты Дзятлаўшчыны.

Прыемныя дробязі і карысныя бытавыя рэчы можна было выбраць у майстроў і рамеснікаў, якія таксама прывезлі вялікую колькасць сваіх работ.

Побач з імі бойка рэалізоўваўся ўраджай, вырашчаны на палях, сотках, агародах і прысядзібных участках, у садах і гадавальніках, на ягадных плантацыях. Таму жыхары райцэнтра, якія не ў поўным аб’ёме набылі неабходную прадукцыю на мінулым кірмашы два тыдні таму, паспяшаліся папоўніць асабістыя запасы бульбай, капустай, зернем і іншымі вітаміннымі таварамі.

Актыўна падыходзілі да гандлёвых павільёнаў Слонімскага мясакамбіната, Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, Новаяльнянскага камбіната хлебапрадуктаў, Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, Боркаўскага крухмальнага завода, Дзятлаўскага лясгаса, ТАА “Агражалезабетон”. Някепска ішоў гандаль жывой рыбай у рыбгаса “Лактышы” Ганцавіцкага раёна.

Восень яшчэ і спрыяльная пара для аднаўлення саду, таму маліна, ягадныя кусты і саджанцы пладовых дрэваў таксама карысталіся добрым попытам. Работнікі гадавальнікаў і гаспадары ўласных падвор’яў, якія іх прапаноўвалі, адразу ж давалі кансультацыі па далейшым доглядзе.

Прыехалі на кірмаш і пчаляры. Яны зазывалі пакупнікоў, расказваючы пра карысныя ўласцівасці мёду, праполісу, іншых прадуктаў пчалярства. Адзін з іх, жыхар аграгарадка Сянькоўшчына Слонімскага раёна Уладзімір Рэкун, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад кірмашу:

– Вось ужо каторы раз гандлюю сваёй “салодкай” прадукцыяй у гэтым цудоўным горадзе. Дзятлаўчане мяне ведаюць, заўсёды з задавальненнем набываюць мёд, просяць пакінуць кантакты, каб стэлефанавацца і даведацца, калі зноў прыеду. Пакупнікі ў прыўзнятым настроі. І гэта не дзіўна, бо сёння кірмаш суправаджаецца канцэртнай праграмай. Таксама ўсе жадаючыя могуць прыняць удзел у бяспройгрышнай латарэі і папоўніць свой таварны «кошык» карыснымі прызамі. Хай кожны знойдзе тое, па што прыйшоў. А мы, прадаўцы, заўсёды падкажам і дапаможам зрабіць правільны выбар.

У сярэднім паўлітровы слоік мёду можна было набыць за 10 рублёў.

Як і на мінулым кірмашы, бойка ішоў гандаль у сельгаспрадпрыемстваў раёна. Багаты асартымент быў у КСУП “Жукоўшчына”, якое прывезла 1,4 тоны зерня, па тоне буракоў, яблыкаў, морквы, 400 кілаграмаў капусты і 8 тон бульбы “Скарб”.

Адразу тры гатункі “другога хлеба” (“Брыз”, “Скарб”, “Янка”) рэалізоўвала КСУП “Дварэц-Агра”, а з самай раніцы ўжо было распрадана амаль 5 тон зерня, карысталася попытам і алейная рэдзька.

Аж 6,5 тоны зерня даставіла на кірмаш КСУП “Войневічы”, вельмі добра тут набывалі проса, хаця попытам карысталася ўсё. На гэты раз гаспадарка прывезла і грэчку.

З вялікай цікавасцю пакупнікі падыходзілі да гандлёвай кропкі КСУП “Хвінявічы”, дзе акрамя традыцыйнай бульбы “Гала”, пшаніцы і трыцікале, можна было набыць “жывы тавар” – выбраць для ўласнай гаспадаркі трусоў пароды каліфарнійскі фландэр або белы велікан ці авечак пароды прэкас.

Нездарма па выніках кірмашовага конкурсу на лепшую арганізацыю гандлю бясспрэчным лідарам быў прызнаны і ўзнагароджаны дыпломам І ступені менавіта КСУП “Хвінявічы”, другое месца заняў ААТ “Граніт-Агра”, трэцяе – КСУП “Дварэц-Агра”.

Аб настроі і сваіх уражаннях ад наведвання восеньскага кірмашу расказала сям’я Губко з Дзятлава:

– Усё вельмі спадабалася: шмат прадукцыі, багаты асартымент, ёсць што выбраць і для дарослых, і для дзяцей. Нас, як гаспадароў прысядзібнага ўчастка, цікавілі саджанцы. Як і спадзяваліся, набылі яблыньку “аўксіс”, плады якой добра захоўваюцца зімой, яшчэ адным “бонусам” стаў невысокі сорт персіка, паглядзім, як ён будзе сябе адчуваць у нашых умовах. Дачка папрасіла купіць прыгожы дэкаратыўны куст снежаягадніку, у дадатак набылі кучаравую вярбу. Цяпер выбіраем саджанцы фундука. Для кветніка набылі геацынты. Парадаваў розны дыяпазон цэнаў: можна было пахадзіць і знайсці, дзе танней. Паколькі зерне таксама ўжо купілі, засталося купіць агародніну. Тут усё высокай якасці – цыбуля, морква, капуста. Дахаты вернемся не з пустымі рукамі.

Ірына СТЫРНІК

Фота Ірыны СТЫРНІК і Вадзіма ФІЛІПОЎСКАГА  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga