“100 ідэй для Беларусі”. Што прапануеце вы?

Грамадства Свежыя навіны

Стартаваў новы сезон гэтага папулярнага моладзевага праекта. Заяўкі можна падаваць да 18 кастрычніка.

Як нагадала першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, конкурс “100 ідэй для Беларусі” скіраваны на актывізацыю інавацыйнага мыслення моладзі, прыцягненне яе да вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, рэалізацыю інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак.

Да ўдзелу запрашаюцца маладыя людзі і калектывы аўтараў ва ўзросце 14-31 гадоў і маладыя навукоўцы да 35 гадоў, якiя своечасова даслалі свае заяўкі, праекты і бізнес-ідэі для разгляду ў адпаведнасці з палажэннем конкурсу.

Пераможцы і прызёры будуць вызначацца ў дзвюх групах моладзі: сярод навучэнцаў установаў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама сярод студэнтаў, курсантаў, слухачоў установаў вышэйшай адукацыі, працоўнай моладзі, маладых навукоўцаў да 35 гадоў.

Аўтарскія праекты неабходна прадастаўляць у дэманстрацыйным выглядзе (прэзентацыя, відэаролік, макет, раздатачны матэрыял і іншае). Удзельнікі павінны максімальна выразна апісаць праект, яго актуальнасць, навізну і арыгінальнасць, мэты і задачы, якія будуць вырашаны пры рэалізацыі, тэхнічныя (эканамічныя, сацыяльныя) перавагі.

Паспаборнічаць можна ў наступных намінацыях:

энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка, і энергаэфектыўнасць;

аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства;

прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі;

ахова здароўя (медыцынскія тэхналогіі, фармацыя, бія- і нанаіндустрыя);

хімічныя тэхналогіі, нафтахімія;

інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі;

экалогія (рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў);

нацыянальная бяспека і абарона ад надзвычайных сітуацый;

грамадства і сацыяльная сфера;

лепшая бізнес-ідэя.

Першы этап праекта – прыём заявак, які доўжыцца да 18 кастрычніка. Выбірайце сваю намінацыю і адпраўляйце заяўку на электронны адрас раённай моладзевай арганізацыі: brsm@dyаtlovo.gov.by (тэлефоны для даведак: 2-52-63, 2-52-61).

Другі этап – занальныя спаборніцтвы – пройдзе ў кастрычніку-лістападзе ў горадзе Слоніме, дзе сустрэнуцца ўдзельнікі з Дзятлаўскага, Навагрудскага, Карэліцкага, Слонімскага раёнаў. Праекты-пераможцы занальнага этапу прымуць удзел у абласным, які плануецца правесці ў снежні.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga