Тэмы нарыхтоўкі сіласу, захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі і каранавірус, работы назіральнай камісіі напярэдадні ацяпляльнага сезону і іншыя гучалі на рабочай нарадзе ў першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейкі.
Вось і кукуруза дачакалася сваёй чаргі
Каштоўнейшую кармавую культуру актыўна ўбіраюць гаспадаркі раёна на сілас – важна забяспечыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы якаснымі кармамі на будучую зіму. Віталій Тадэвушавіч адзначыў, што за працэсам закладкі сіласу пільна сочаць спецыялісты. Яны кантралююць не толькі сам працэс, але і ацэньваюць якасць сіласнай масы. Асаблівая ўвага надаецца камплектаванню кормаўборачнай тэхнікі.
Каб не гінулі пад калёсамі камбайна
– Уборка кармоў не павінна ператварацца ў траўмаванне і гібель людзей, – ад сельскагаспадарчай тэмы перайшоў да пытанняў бяспекі людзей Віталій Тадэвушавіч.
Размова ішла пра два трагічныя здарэнні, якія адбыліся ў Гродзенскай вобласці, калі на кукурузных палях у час работы камбайнаў загінулі пажылыя людзі, якія прыйшлі набраць пачаткаў для кармлення ўласнай жывёлы.
– Расліна высокая, вадзіцель не бачыць чалавека, у выніку – трагедыя. Засяродзьце ўвагу старшыняў сельскіх саветаў, намеснікаў па ідэалагічнай рабоце на растлумачэнні пажылым людзям, увогуле тым, у каго ёсць свойская жывёла, што заходзіць на кукурузнае поле ў час работы камбайнаў небяспечна, – даў даручэнне адказным службам Віталій Шулейка.
У раёне на мінулым тыдні, па словах начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандра Біля і начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргея Казушчыка, сур’ёзных здарэнняў не зафіксавана. Забытыя ў нецвярозым стане веласіпеды, крадзеж з карт-рахунка, прысваенне сяброўскага тэлефона, уборка ртуці, ліквідацыя гнёздаў джаланосных насякомых – некаторыя эпізоды, азначаныя спецыялістамі ў час нарады.
Не застануцца без дапамогі
Назіральная камісія актыўна праводзіць сезонныя прафілактычныя мерапрыемствы – праверкі дамоў і кватэр, дзе жывуць адзінокія пажылыя грамадзяне, інваліды, сем’i, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, і тыя, хто злоўжывае спіртнымі напіткамі. Як далажыў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, напярэдадні ацяпляльнага сезона ўсе запланаваныя абследаванні завершаны, вызначаны адзінокія пажылыя жыхары раёна і інваліды, якім неабходна будзе на зімовы перыяд аказаць дапамогу, а каго забяруць на гэты час да сябе дзеці.
Іншыя тэмы
Зноў “прырасла” колькасць захварэўшых на каранавірус – 50 новых выпадкаў за мінулы тыдзень.
– Сітуацыя з захворваннем на COVID-19 пакуль кантралюемая, – адзначыла галоўны санітарны доктар раёна Алена Шайбак. – Пачаўся рост вострых рэспіраторных інфекцый, што таксама звычайна ў верасні, калі пачынаецца вучэбны год. Працягваецца вакцынацыя супраць каранавірусу, прыступаюць таксама медыкі да прышчэпачнай кампаніі супраць грыпу.
*****
Намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч паведаміў на нарадзе, якія мерапрыемствы падрыхтаваны для дзятлаўчан да Дня народнага адзінства.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga