У Дзятлаве з’явілася свая турыстычная навігацыя

Важнае Свежыя навіны Спорт і турызм

У свеце актуальнай эпідэміялагічнай сітуацыі ўсё часцей робіцца стаўка на развіццё ўнутранага турызму.

Для таго, каб прывабіць да мясцовых відаў адпачынку не толькі дзятлаўчан, але і гасцей раёна, сектар спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама распрацаваў сістэму навігацыі па адметнасцях і памятных мясцінах горада Дзятлава.

У райцэнтры з’явіліся інфармацыйныя шчыты на трох мовах (беларускай, рускай і англійскай) са звесткамі пра турыстычныя аб’екты горада: брацкая магіла па вуліцы Міцкевіча, абеліск Славы, капліца, помнік “Дзеці ліхалецця”, касцёл Унебаўзяцця найсвяцейшай панны Марыі, помнікі Ігнату Дварчаніну і Іосіфу Філідовічу. “Не збіцца” з турыстычнага шляху дапамогуць дзевяць указальнікаў, якія размесцяцца ў цэнтры горада.

– Знакі навігацыі прыйдуцца даспадобы турыстам, якія любяць падарожнічаць без экскурсавода, – кажуць у сектары спорту і турызму.

На будынках горада былі замацаваны новыя таблічкі, якія нагадваюць аб старадаўніх назвах вуліц і плошчаў Дзятлава.

Наталля АВЯРЧУК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: