На актуальныя пытанні адказвае намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Навагрудскім раёне Марына Казлова.
Пытанне: за арганізацыяй зарэгістравана ў дзяржаўтаінспекцыі два аўтамабілі грузападымальнасцю да 2,5 тон, якія на працягу двух гадоў не эксплуатуюцца (пуцявыя лісты не афармляліся, транспартныя сродкі тэхагляд не праходзілі). Ці неабходна арганізацыі за іх вылічваць і выплачваць транспартны падатак?
Адказ: плацельшчыкамі транспартнага падатку з’яўляюцца арганізацыі, а аб’ектам падаткаабкладання – транспартныя сродкі, зарэгістраваныя за арганізацыямі ў дзяржаўтаінспекцыі. Транспартныя сродкі, выпушчаныя не пазней за 1991 год або калі звесткі пра год выпуску адсутнічаюць, не з’яўляюцца аб’ектам падаткаабкладання.
У выпадку наяўнасці зарэгістраваных за арганізацыяй у ДАІ транспартных сродкаў, выпушчаных пазней за 1991 год, арганізацыя прызнаецца плацельшчыкам транспартнага падатку.
Авансавыя плацяжы выплачваюцца (адна чацвёртая ад сумы транспартнага падатку) не пазней за 22 чысло трэцяга месяца квартала, за які вылічваецца авансавы плацёж.
Падатковая дэкларацыя (разлік) па транспартным падатку прадастаўляецца плацельшчыкамі-арганізацыямі не пазней за 20 лютага года, наступнага за мінулым падатковым перыядам.
Пытанне: фізічная асоба, зарэгістраваная ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, здае ў арэнду юрыдычнай асобе ўласны аўтамабіль. Хто будзе з’яўляцца плацельшчыкам транспартнага падатку?
Адказ: плацельшчыкамі транспартнага падатку з’яўляюцца арганізацыі і фізічныя асобы, у тым ліку зарэгістраваныя ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Плацельшчык транспартнага падатку вызначаецца зыходзячы з таго, за кім зарэгістраваны транспартны сродак у дзяржаўтаінспекцыі. У дадзенай сітуацыі плацельшчыкам транспартнага падатку з’яўляецца фізічная асоба.
Таццяна ГРЫЦУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga