Што хвалюе жыхароў Данілавіцкага сельсавета?

Галоўнае Улада

9 верасня выязны прыём грамадзян па месцы жыхарства ў будынку Данілавіцкага сельвыканкама правёў старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі.

Кіраўніку раёна паступілі тры звароты. Жыхароў сельсавета цікавілі пытанні, якія тычыліся жыллёвага заканадаўства, выдалення аварыйнага дрэва, медыцынскага абслугоўвання, работы кацельні.

Так, мужчына ўжо некалькі гадоў жыве ў доме, які належыць ААТ “Граніт-Агра”, але на гэтай жа жылплошчы прапісаны старонні чалавек, якога ўжо няма ў жывых. Ануляваць рэгістрацыю не могуць, таму што ў пасведчанні аб смерці пазначана не тая дата нараджэння.

Андрэй Садоўскі даў даручэнне кіраўніцтву ААТ “Граніт-Агра” і юрыдычнай службе аказаць заяўніку садзейнічанне ў вырашэнні яго пытання.

Адзінокая састарэлая жыхарка вёскі Аханяны прасіла выдаліць аварыйнае дрэва, якое расце на вясковай вуліцы і з якога падаюць галіны.

Кіраўнік раёна даручыў старшыні Данілавіцкага сельвыканкама Ганне Жых знайсці магчымасць спілаваць гэта дрэва.

Тры жыхаркі аграгарадка Круцілавічы звярнуліся да старшыні райвыканкама па садзейнічанне ў вырашэнні пытання, даволі актуальнага для мясцовага насельніцтва. Справа ў тым, што ў Круцілавічах на ФАПе цяпер няма фельчара, бо спецыяліст знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў. Пакуль гэту вялікую зону абслугоўвае фельчар з Лапушна.

У прысутнасці заяўніц Андрэй Садоўскі звязаўся з галоўным доктарам Дзятлаўскай ЦРБ Алегам Анцухам і даў яму даручэнне запоўніць вакансію на працягу месяца, тым больш, што ААТ “Граніт-Агра” гатова выдзеліць жыллё спецыялісту, які будзе працаваць на ФАПе.

Агучылі жынчыны і яшчэ адно пытанне: у кацельні аграгарадка Круцілавічы ў 2019 годзе абяцалі памяняць кацёл, бо зімою ў кватэрах холадна. На жаль, абяцанне пакуль не выканана, і людзі спадзяюцца, што сёлета да пачатку ацяпляльнага сезона кацёл нарэшце будзе заменены.

Кіраўнік раёна ўзяў пытанне на кантроль.

Намеснік начальніка аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў райвыканкама Марына Панкевіч расказала, што выязныя прыёмы грамадзян дазваляюць сустрэцца з кіраўніцтвам раённай вертыкалі ўлады жыхарам сельскіх населеных пунктаў, якія з-за ўзроставых ці фізічных магчымасцяў або ўласнай занятасці не могуць дабрацца да раённага цэнтра. У гэтым выпадку ўлада выязджае да іх, што дазваляе кіраўніцтву даведацца, якія бытавыя і жыццёвыя праблемы хвалююць вяскоўцаў, дапамагчы ім, узяць пэўныя пытанні на кантроль.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga