У рамках рэспубліканскіх акцый “У цэнтры ўвагі дзеці” і “Адзіны дзень бяспекі” артысты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці разам з супрацоўнікамі аддзела па надзвычайных сітуацыях наведаліся ў Хвінявіцкі дзіцячы сад-сярэднюю школу.
Праз цікавыя гульнявыя заданні Ганна Харлінская, Марына Варган і інспектар РАНС Мікіта Кандратовіч нагадалі навучэнцам правілы бяспечных паводзінаў, якія ў далейшым дапамогуць пазбегнуць надзвычайных сітуацый.
Госці арганізавалі для іх рухомыя гульні і інтэлектуальныя спаборніцтвы. У час практычных заданняў кожны са школьнікаў патрэніраваўся набіраць нумар 101, дакладна адказваць на пытанні ратаўнікоў, называць дамашнія адрас і тэлефон. Таксама дзеці патрымалі ў руках вогнетушыцель, разабраліся, як ён працуе.
Пасля гульні школьнікаў чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз ад супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях – дэманстрацыя пажарнай машыны і абсталявання. Хлопчыкі і дзяўчынкі пачулі шмат цікавых фактаў пра “пажарныя інструменты”, змаглі прымераць баёўкі і каскі. Яркія ўражанні і карысныя веды, атрыманыя ў гэты дзень, надоўга застануцца ў памяці дзятвы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga