Праца – неад’емная частка нашага жыцця, якая займае яго значны перыяд.
Аднак рана ці позна надыходзіць момант, калі чалавек дасягае пенсійнага ўзросту. Перад ім паўстае пытанне: працаваць далей або пайсці на заслужаны адпачынак? Трактарыст-машыніст Вячаслаў Шмыгін з КСУП “Дварэц-Агра” зрабіў свой выбар: ужо амаль два гады пасля выхаду на пенсію ён працягвае свой прафесійны шлях і прыносіць карысць гаспадарцы.
Вячаслаў Вячаслававіч родам з вёскі Рэпкі Дзятлаўскага раёна. Яго бацька працаваў трактарыстам у калгасе і часта браў сына з сабой. Часам даваў хлопчыку паруліць і хоць ненадоўга адчуць сябе сапраўдным працаўніком поля, які сам прымае ўдзел у сельскагаспадарчых работах і тым самым уносіць свой уклад у калектыўны “аграрны” вынік. Тады яшчэ Вячаслаў не ведаў, што праз гады ўжо ў дарослым жыцці менавіта гэта прафесія стане яго “хлебам”, у які ён кожны год будзе ўкладваць часціцу сваёй працы, каб такі неабходны прадукт заўсёды быў на сталах беларусаў. Аднак гэта было толькі наперадзе. Спачатку мужчына вывучыўся на шафёра. Прайшоў пачатковую ваенную падрыхтоўку ў горадзе Востраве Пскоўскай вобласці, пасля працягнуў тэрміновую службу механікам-вадзіцелем на Украіне.
Першы час працаваў у гаспадарцы “Дварэц-Агра” шафёрам. Хутка ўжо вадзіў трактар і камбайн. Нягледзячы на тое, што вопытны механізатар цяпер на пенсіі, ён па-ранейшаму прымае актыўны ўдзел як у пасяўной, так і ва ўборачнай кампаніях, стараецца выконваць увесь шырокі спектр сельскагаспадарчых работ. Больш чым за 30 гадоў працы мужчына стаў “асам” сваёй справы і дасягнуў значных поспехаў. Некалькі гадоў таму Вячаслаў Шмыгін заняў першае месца ў вобласці па ўборцы і нарыхтоўцы кармоў на тэхніцы ААТ “Гомсельмаш”. Таксама ён з’яўляецца неаднаразовым прызёрам раённых спаборніцтваў па адпаведных відах сельскагаспадарчых работ.
У Вячаслава Вячаслававіча двое дзяцей, ёсць унукі. Ён вельмі энергічны і працавіты чалавек, якога назваць пенсіянерам можна толькі па пашпарце. Бо нават дома, у вольны час, калі ўжо сапраўды можна перадыхнуць, мужчына дапамагае сваёй каханай жонцы па хатняй гаспадарцы.
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga