Паэт, Кастусёў сын Алесь Бяленка

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Такімі словамі пачынаў свой верш “Беларусам” наш зямляк, вядомы як Нікіфар Жальба, самабытны паэт-патрыёт, чалавек, горача ўлюбёны ў сваю Беларусь, – Аляксандр Канстанцінавіч Бяленка.

Сёлета споўнілася 30 гадоў, як ён пайшоў з жыцця.

Аляксандр Бяленка нарадзіўся 14 кастрычніка 1898 года ў вёсцы Гірычы Дзятлаўскага раёна. Маці памерла, калі хлопчыку было 9 гадоў, пакінуўшы і яго братоў –  Петруся і толькі што народжанага  Міхася. Бацька ажаніўся другі раз з бяднячкай Ганнай, якая прыняла яго дзяцей як родных. Сям’я галадала, і з 11 гадоў Алесь батрачыў на заможнага гаспадара Нікіфара Сідарава і яго жонку Аксінню. Зімой мыў посуд, дапамагаў у ткацкай справе, а вясной-восенню выконваў усе палявыя работы – так працягвалася два гады. Затым жабраваў на Фёдара Жамойдзіка.

Першую сусветную вайну сустрэў дома. За чатыры гады акупацыі нагледзеўся на здзекі захопнікаў з мясцовага насельніцтва. Сям’і давялося нарыхтоўваць і адпраўляць лес па вузкакалейцы, якая была пракладзена ад лесу каля вёскі Вензавец да тартака ў мястэчку Дзятлава. Разам з іншымі яны вымушаны былі плаціць падаткі прадуктамі харчавання. На ўсё жыццё Алесь запомніў жудасныя крыкі зняволеных людзей, якія даносіліся з падвала вялікага яўрэйскага дома на вуліцы Касцельнай у Дзятлаве.

Пасля нямецкай акупацыі ў мястэчку Дзятлаве, а затым у Накрышках, Гірычах былі створаны камітэты беднаты. Аляксандр Каско, Сцяпан Каско, Канстанцін Сцяпура вярнуліся дамоў і арганізавалі пастаноўку сцэнічных твораў, на паказ якіх збіраліся людзі з наваколля. Але, як успамінаў Аляксандр Бяленка, “нядоўга цешыліся новым жыццём. У сакавіку ці пачатку красавіка польскі добраахвотны атрад нейкага пана Сямашкі, перад світанкам прайшоўшы праз вёску Гірычы, напаў на Дзятлава, былі забіты або цяжка паранены народныя міліцыянеры.  З нарабаваным дабром атрад знік.” Хутка была ўстаноўлена ўлада Пілсудскага, а актывісты Аляксандр і Сцяпан Каско закатаваны ў горадзе Беластоку.

У 1922 годзе Аляксандр Бяленка напісаў свой верш “Ігрышча”. Пазней ён быў надрукаваны ў выданні Беларускага студэнцкага саюза ў часопісе “Маладое жыццё”. Нікіфар Жальба першы раз быў арыштаваны і накіраваны ў пастарунак у вёску Накрышкі, але хутка яго адпусцілі, бо не знайшлі літаратуры ад КПЗБ (Камуністычная партыя Заходняй Беларусі — аўт.). Пасля 12 гадоў батрацкай работы ён працаваў сезонным рабочым у памешчыка Яна Стравінскага ў Міроўшчыне.

Аляксандр Бяленка адзін з першых уступіў у рады Рабоча-сялянскай грамады. Калі  арганізавалі Таварыства беларускай школы, ён быў абраны сакратаром. Але польскія ўлады 14 студзеня 1926 года разграмілі школьныя ўстановы. Была спроба выехаць у Савецкую Расію, але на граніцы затрымалі пагранічнікі. Прыйшлося вярнуцца дамоў, наладзіць падпольную работу супраць улады Рэчы Паспалітай. Была актывізавана работа мясцовых звенняў КПЗБ: распаўсюджваліся антыпольскія лістоўкі, беларуская літаратура, а 1 мая 1934 года вывешаны чырвоныя сцягі ва ўсіх навакольных вёсках. Палякі арыштавалі братоў Аляксандра, сам жа ён пераехаў жыць у вёску Труханавічы, дзе быў зроблены вобыск, а пасля арыштаваны і ён, але ненадоўга. З успамінаў Аляксандра Бяленкі вядома, што ў 1935 годзе забаставалі сезонныя рабочыя ў вёсцы Гірычы. У час забастоўкі быў забіты яго брат.

17 верасня 1939 года Чырвоная Армія пачала вызваленчы паход на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Яе сустрэлі з радасцю і перш за ўсё пачалі дзяліць панскую зямлю сялянам. Аляксандр Бяленка пісаў у сваіх аўтабіяграфічных запісах: “Пасля супярэчак па прапанове Івана Грынцэвіча аднаасобныя гаспадаркі з  вёсак Труханавічы, Міроўшчына, Гірычы, Апаліна-Басіна аб’ядналіся ў калгас. Першым старшынёй быў абраны Канстанцін Чыгір, бухгалтарам Васіль Новік”. Да чэрвеня 1941 года калгас быў вельмі моцны, палепшылася становішча калгаснікаў. На пачатак вайны яго ўзначальваў Змітрук Аладка.

За час фашысцкай акупацыі мясцовае насельніцтва актыўна падтрымлівала партызанаў прадуктамі харчавання, адзеннем. У кузні Івана Грынцэвіча рамантавалі зброю, адсюль распаўсюджвалі лістоўкі. Былі арыштаваны і расстраляны ў Курпешах гірыцкія і хвінявіцкія падпольшчыкі: Канстанцін Жамойдзік, Сцяпан Муха, Эдвард Гаупт, Іван Цімашэвіч, Аляксандра Сіўко, Ганна Сцяпура. У 1942 годзе фашысты вывезлі ў Нямеччыну з вёсак моладзь, у Аляксандра Бяленкі, члена падпольнай групы, забралі двух братоў і адзінага сына. Перамогу над фашыстамі ён сустрэў дома, у вёсцы Труханавічы.

Калгас быў адроджаны толькі ў 1950 годзе. “Я працаваў у родным калгасе амаль да 70 гадоў паляводам і ўчотчыкам, любіў працу і свой калгас, і цяпер люблю і ганаруся ім, часам пра яго дасягненні пішу допісы ў раёнку “Перамогу!”, – пісаў Аляксандр Канстанцінавіч у сакавіку 1990 года. Дарэчы, ён, як першы арганізатар калгасаў у 1939 годзе, склаў гістарычны шлях развіцця калгаса “Зара” Дзятлаўскага раёна з кастрычніка 1938 года па 1979 год.

Улюбёны ў свой край, родныя мясціны, сапраўдны патрыёт Радзімы, ён заўсёды з вялікай павагай расказваў пра свае пачуцці ў вершах. Аляксандр Бяленка выбраў сабе псеўданім Нікіфар Жальба, магчыма, які нагадвае пра пастаянную барацьбу за лепшы лёс свайго народа, за тое, каб пачэсна і з годнасцю “беларусам звацца”. Аб гэтым яскрава гавораць радкі яго вершаў “Мая маладосць”, Беларусам”, “Селькор”, “Найшоў сяброў душой адданых…”, “Трактарыстам” і іншыя. У сваіх вершах ён з душэўнай цеплынёй піша пра сяброўства і дружбу з таварышамі па барацьбе з польскаю навалай да 17 верасня 1939 года.

 Канстанцін Бяленка актыўна супрацоўнічаў з выдавецтвам “Беларусь” і выданнем “Мастацкая літаратура”. У 1969 годзе ён атрымаў пісьмо ад Віктара Шымука, дзе той абяцаў выдаць яго вершы асобным зборнікам. У Аляксандра Бяленкі былі і падзякі ад дырэкцыі Дзяржаўнага музея БССР за прадастаўленне архіўных матэрыялаў па гісторыі падпольнай барацьбы з белапольскай акупацыяй. Вёў перапіску з выдавецтвам БелСЭ (Беларускай савецкай энцыклапедыі-аўт.) наконт псеўданімаў мясцовых паэтаў. Міхась Бабок, былы рэдактар газеты “Перамога”, быў яго лепшым сябрам, Аляксандр Бяленка падарыў яму сшытак са сваімі вершамі для друку. У 1986 годзе ў вёсцы Труханавічы гасціла беларуская паэтка Вольга Іпатава, якая запісала яго інтэрв’ю.

Памёр Аляксандр Бяленка ў жніўні 1991 года.

У 2016 годзе па ініцыятыве Валерыя Петрыкевіча і паэтаў Гродзеншчыны ў межах правядзення абласнога фестывалю паэзіі  на доме, дзе жыў Аляксандр Канстанцінавіч Бяленка (Нікіфар Жальба), была ўстаноўлена памятная дошка, прысвечаная нашаму земляку.

Аўтар вельмі ўдзячны галоўнаму захавальніку фондаў Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Ірыне Якаўчык за архіўныя даведкі і фотаздымкі пра Аляксандра Бяленку.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga