Каму не абысціся без касавага апарата?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Спецыялісты інспекцыі па падатках і зборах даюць растлумачэнні па змяненні ў заканадаўстве.

З 10 кастрычніка 2021 года пачне дзейнічаць новае падатковае заканадаўства, якое абавяжа індывідуальных прадпрымальнікаў выкарыстоўваць на гандлёвых месцах касавыя апараты. Каму яны неабходны, а каму не? Калі трэба паставіць апарат і што чакае тых, хто не выканае патрабаванне? На гэтыя і іншыя пытанні адказала намеснік начальніка ўпраўлення па працы з плацельшчыкамі па Дзятлаўскім раёне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Навагрудскім раёне Таццяна Касцюкевіч.

Пытанне: якія змяненні чакаюць індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль таварамі?

Адказ: Суб’екты гаспадарання пры гандлі нехарчовымі таварамі на гандлёвых месцах на рынках, кірмашах, пры ажыццяўленні разноснага гандлю плодаагародніннай прадукцыяй абавязаны будуць абавязкова выкарыстоўваць касавае абсталяванне. Пры гэтым, неабавязкова ўстанаўліваць і выкарыстоўваць на гандлёвых месцах на рынках плацежныя тэрміналы.

Пытанне: што павінен зрабіць суб’ект гаспадарання, каб выканаць патрабаванні заканадаўства?

Адказ: Неабходна загадзя набыць касавы сумуючы апарат або праграмную касу, заключыць дамову з цэнтрам тэхнічнага абслугоўвання і рамонту касавых апаратаў і грамадзянска-прававы дагавор на рэгістрацыю і інфармацыйнае абслугоўванне касавага абсталявання ў сістэме кантролю касавага абсталявання з рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Інфармацыйна-выдавецкі цэнтр па падатках і зборах”.

Пытанне: што ўяўляе сабой праграмная каса і якія яе перавагі?

Адказ: праграмная каса – гэта дадатак для смартфона, планшэта або камп’ютара, які ўзаемадзейнічае з выносным або ўбудаваным прынтарам. Яна забяспечвае магчымасць прыёму наяўных і безнаяўных грашовых сродкаў пры ажыццяўленні разлікаў з дапамогай банкаўскіх картак і пры выкарыстанні QR-кодаў і (або) мабільных дадаткаў. Інфармацыя аб праграмных касавых сістэмах і праграмных касах і іх аператарах, дапушчаных да выкарыстання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, размешчана на афіцыйным сайце рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Інфармацыйна-выдавецкі цэнтр па падатках і зборах” (https://info-center.by/services/cashdesks/informatsiya-ob-operatorakh-programmnykh-kassovykh-sistem-operator-pks-programmnykh-kassovykh-sistem/).

Пытанне: хто зможа працаваць без касавых апаратаў?

Адказ: пры прыёме наяўных грошай будзе дазволена працаваць без касавых падсумоўваючых апаратаў, напрыклад, пры рознічным гандлі харчовымі таварамі, у тым ліку сельгаспрадукцыяй, на кірмашах і гандлёвых месцах. Але калі прадаюцца і іншыя тыпы прадукцыі, то ўстаноўка касавага апарата абавязковая. Працаваць без яго дазволена пры нестацыянарным гандлі (калі прадавец рэалізуе не плодаагароднінную прадукцыю).

Пытанне: ці закранулі змяненні па прыёме наяўных грашовых сродкаў іншых напрамкаў прадпрымальніцкай дзейнасці?

Адказ: Суб’екты гаспадарання павінны будуць прымяняць касавае абсталяванне таксама пры выкананні работ, аказанні паслуг па-за пастаянным месцам ажыццяўлення дзейнасці (за выключэннем тэрыторыі сельскай мясцовасці); пры навучанні непаўналетніх; аказанні паслуг па прадастаўленні жылых памяшканняў (іх частак) у інтэрнаце і найме жылых памяшканняў, садовых домікаў, дач, у тым ліку для кароткатэрміновага пражывання.

Пытанне: што пагражае за невыкананне заканадаўства аб прыёме наяўных грашовых сродкаў?

Адказ: за адсутнасць касавага абсталявання або яго невыкарыстанне пры продажы тавараў, выкананні работ, аказанні паслуг у выпадках, калі яго прымяненне абавязкова – штраф у памеры да пяцідзесяці базавых велічыняў, на індывідуальнага прадпрымальніка – да ста базавых велічыняў, а на юрыдычную асобу – да двухсот базавых велічыняў. Акрамя таго, індывідуальным прадпрымальнікам, якія не маюць бягучага (разліковага) рахунку ў банку, пры выкарыстанні касавага абсталявання трэба адкрыць такі рахунак.

Наталля АВЯРЧУК