17 верасня ў раённым выканаўчым камітэце выязны прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію для жыхароў Дзятлаўшчыны правёў першы намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Валяваты.
За дзве гадзіны работы Юрыю Мікалаевічу паступілі два асабістыя звароты грамадзян і адзін тэлефонны.
Дзятлаўчанку, якая прыйшла на прыём, хвалявала пытанне якасці медыцынскага абслугоўвання. Жанчына не была ўпэўнена, ці правільнае лячэнне для яе выбралі, ці своечасова яно праводзіцца.
Юрый Валяваты даў даручэнне галоўнаму доктару Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Алегу Анцуху, які таксама прысутнічаў на прыёме, правесці дадатковае абследаванне заяўніцы ў стацыянары, аказаць ёй неабходную медыцынскую дапамогу.
Пенсіянерка шаноўнага ўзросту з Дзятлава не першы раз звяртаецца да спецыялістаў абласных службаў, якія ажыццяўляюць выязныя прыёмы грамадзян у нашым горадзе. Жанчыну хвалюе зямельнае пытанне: яна лічыць, што суседская агароджа “залазіць” на яе ўчастак. Аднак паводле інфармацыі, неаднаразова праверанай спецыялістамі землеўпарадкавальнай службы, агароджа знаходзіцца выключна на ўчастку суседа. Заяўніцы на гэты конт зноў было дадзена падрабязнае тлумачэнне.
Тэлефонны званок паступіў ад жыхара вёскі Пацаўшчына. Мужчына расказаў, што яго старэнькі дом стаіць каля дарогі, па якой ездзіць у тым ліку і цяжкая тэхніка. Асфальтавае пакрыццё на гэтым участку ўжо зношанае, і “дарожная трасяніна” прадаўжае негатыўна ўплываць на стан дома.
Даведаўшыся, што працягласць вясковай вуліцы, якая патрабуе рамонту, складае 800 метраў, Юрый Валяваты звязаўся з генеральным дырэктарам КУП “Гроднааблдарбуд” Дзмітрыем Валковічам, папрасіў знайсці магчымасць выдзеліць дадатковае фінансаванне, каб дзятлаўскія дарожнікі яшчэ да маразоў змаглі пакласці верхні слой асфальту на гэтым участку.
Падводзячы вынікі выязнога прыёму і прамой тэлефоннай лініі, першы намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта засяродзіў увагу на асаблівасцях работы з людзьмі:
– У цэлым хочацца станоўча адзначыць работу органаў мясцовай улады Дзятлаўскага раёна. Адчуваецца, што сістэма работы са зваротамі грамадзян тут наладжана на належным узроўні. Праўда, як, на жаль, і ўсюды, ёсць невялікая катэгорыя заяўнікаў, якія ўжо атрымалі вычарпальныя тлумачэнні па сваіх праблемах, але настойліва прадаўжаюць надаядаць спецыялістам, хаця рашэнні, якіх яны дабіваюцца, знаходзяцца па-за межамі прававога русла. Размова з такімі людзьмі павінна быць ветлівай і кароткай.
Увогуле ж, кожны зварот, кожную сітуацыю неабходна разглядаць вельмі ўважліва, і, калі ёсць магчымасць дапамагчы чалавеку, гэта абавязкова трэба зрабіць, – падкрэсліў Юрый Валяваты.
Ірына СТЫРНІК