Хто атрымаў ключы ад новай “Нівы”?

Галоўнае Грамадства

Нядаўна калектыў ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” адсвяткаваў прафесійнае свята – Дзень работнікаў лесу, а ўжо выдалася новая нагода для ўрачыстасці.

Аўтапарк лесагаспадарчай арганізацыі папоўнілі 9 новых аўтамабіляў “Ніва”.

Як расказаў дырэктар лясгаса Сяргей Дурко, машынна-трактарны парк тут аднаўляецца пастаянна. Новыя аўтамабілі вырашана перадаць у карыстанне ляснічым кожнага лясніцтва раёна. Сяргей Віктаравіч упэўнены, што ляснічы – ключавая фігура лясной гаспадаркі, на якую ўскладзена шмат важных функцый, таму гэтым спецыялістам проста неабходна быць больш мабільнымі. Новыя “Нівы” дапамогуць палепшыць і ахову, і абарону лесу, і іншыя моманты, якія тычацца іх прафесійнай дзейнасці. Тэхніка гэта поўнапрывадная, выдатна падыходзіць для лесу і бездарожжа. Сяргей Дурко прызнаўся, што ў свой час сам сем гадоў адпрацаваў на пасадзе ляснічага, таму цудоўна разумее, як дапамагае ў рабоце надзейны аўтамабіль. Рашэнне па аднаўленні аўтапарка кіраўнік лічыць крокам насустрач узаемадзеянню і спадзяецца, што ў сваю чаргу спецыялісты прыкладуць максімум намаганняў, каб своечасова і старанна вырашаць  задачы, якія дыктуе час для лесагаспадарчай галіны.

– Гэта гістарычны момант, – звярнуўся да калектыву Сяргей Віктаравіч. – Усіх віншую з атрыманнем новай тэхнікі, жадаю далейшай плённай працы на карысць лясгаса і раёна ў цэлым, высокіх дасягненняў у прафесійнай дзейнасці. Спадзяюся на вас, як на надзейную, правераную каманду.

Ключы ад новых “Ніваў” ляснічым пад апладысменты калегаў уручыў галоўны механік лясгаса Аляксандр Барысенка.

– Машына, безумоўна, будзе запатрабаванай, – зазначыў, сядаючы за руль толькі што атрыманага аўтамабіля, ляснічы вопытна-вытворчага Казлоўшчынскага лясніцтва Аляксей Дубовік. – Новая “Ніва” яшчэ больш павялічыць нашу мабільнасць. Я вадзіцель з 30-гадовым стажам, кіраваў рознай тэхнікай і сярод плюсаў новага аўтамабіля магу вылучыць галоўныя: ён не псуецца, не патрабуе набыцця дарагіх дэталяў і пазапланавых рамонтаў, значыць, на аддаленых лясных дарогах не ўзнікне пазаштатных сітуацый.

Пакуль мы размаўлялі з Аляксеем Уладзіміравічам, астатнія ляснічыя без доўгіх ваганняў селі ў свае “Нівы” і пачалі раз’язджацца па рабочых участках. І правільна: сустрэча выдалася прыемнай, але рабочы дзень ніхто не адмяняў – наперадзе шмат неадкладных спраў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga