У райвыканкаме. Пра ўраджай, рамонт, урачыстасці

Важнае Улада

Тэмы своечасовай выплаты заработнай платы, пасяўной, рамонтна-будаўнічых работ, падрыхтоўкі цеплакрыніц да ацяпляльнага сезона і іншыя гучалі на штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама.

Эканамічныя пытанні

На асаблівым кантролі ў старшыні райвыканкама стаіць своечасовая выплата заработнай платы.

– Па зарплаце за жнівень думаць трэба ўжо сёння, а не ў апошнія два тыдні. Недапушчальна таксама запазычанасць па выплаце страхавых узносаў, матэрыяльных дапамог сем’ям, дзе выхоўваюцца дзеці, – акцэнтаваў увагу прысутных Андрэй Уладзіміравіч.

Наконт падрыхтоўкі цеплакрыніц да ацяпляльнага сезона намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Жыдко ўдакладніў, што па атрыманні пашпартоў гатоўнасці ў раёне засталіся недаведзенымі да “фінальнай кропкі” толькі тры кацельні спажыўтаварыства.

Кіраўнік раёна даў заданне свайму намесніку трымаць на кантролі таксама аплату за энерганосьбіты, справаздачы па выкарыстанні спонсарскіх дапамог.

Уборка на збожжы не заканчваецца

Убраць вырашчанае трэба максімальна хутка, не дапусціць страт ураджаю, кожны раз на нарадзе заўважае аграрыям старшыня райвыканкама. Цяпер сырое надвор’е не дае завяршыць работы па ўборцы саломы, лёну і хутка правесці пасяўную.

– Трэба выкарыстоўваць любую магчымасць, каб выканаць работы ў кароткі тэрмін, – адзначыў Андрэй Садоўскі. – Пытанні ёсць па дзейнасці КСУП “Дварэц-Агра”. Тут павольна ідзе ворыва пад азімыя культуры, хоць у гэтай гаспадарцы, дзякуючы дапамозе ТАА “Молочный Мир”, сёння ёсць усё неабходнае для севу, у тым ліку і паліўны запас.

На бягучым тыдні старшынёй райвыканкама таксама пастаўлена задача прыступіць да ўборкі бульбы.

Каб не класці асфальт па лёгкім марозе

Увагу адказных службаў Андрэй Садоўскі сканцэнтраваў на аб’ектах, дзе вядуцца рамонтна-будаўнічыя работы. Як далажыў дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Сяргей Луня, увод у эксплуатацыю моста па вуліцы Камсамольскай у райцэнтры запланаваны на гэтым тыдні. Па капрамонце тэрыторыі каля дамоў па вуліцах Чырвонаармейскай і Клары Цэткін засталося правесці асфальтаванне і ўстанавіць малыя архітэктурныя формы. Завяршаецца работа па станцыі абезжалезвання ў Раклевічах, камунальнікі прыступаюць да такога ж аб’екта ў гарпасёлку Наваельня. Праходзіць дзяржаўную экспертызу праектная дакументацыя па рамонце басейна лазнева-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры, іншых аб’ектаў.

Самагон “дрэнна пахне”

Па лініі РАНС баявых выездаў за апошні тыдзень не было, зноў ратавалі насельніцтва ад жаланосных насякомых, дапамаглі пажылой жыхарцы райцэнтра вызваліць карову, якая рогамі зачапілася і захрасла ў брамцы.

Праваахоўнікі затрымалі на рабочых месцах некалькі нецвярозых работнікаў сельгаспрадпрыемстваў, таксама выявілі ачаг самагонаварэння ў вёсцы Хрольчыцы. Даходнай, але незаконнай справай займаўся жыхар Навагрудка, адзначыў на нарадзе першы намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Уладзімір Святоха.

Дадатковыя даручэнні

Першаснай застаецца работа па вакцынацыі насельніцтва, кантролі ўваходу ў “эпідэмічны сезон”, калі пачынаецца рост вострых рэспіраторных інфекцый, грыпу. Дарэчы, на нарадзе адзначалася, што пры адначасовым захворванні на грып і каранавірусную інфекцыю смяротнасць насельніцтва ўзрастае ў 17 разоў, таму вакцынацыя супраць каранавірусу і, ужо прывычная, супраць грыпу можа для кагосьці стаць шанцам на жыццё.

Намесніку старшыні Ігару Кухарэвічу дадзена даручэнне па падрыхтоўцы мерапрыемстваў да святкавання Дня народнага адзінства 17 верасня, а таксама па распрацоўцы плана-ўдзелу дэлегацыі нашага раёна ў абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2021”, якія пройдуць 25 верасня ў Скідзелі.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: