На штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама абмеркаваны тэмы аховы правапарадку, супрацьпажарнай бяспекі, рамонтаў і будаўніцтва аб’ектаў, падрыхтоўкі да новага навучальнага года, вакцынацыі.
Давярай, але правярай
Начальнік АУС райвыканкама Аляксандр Біль расказаў, што на мінулым тыдні былі ўзбуджаны некалькі крымінальных спраў па фактах крадзяжу металалому, спынена машына жыхара Навагрудчыны, у якога не было суправаджальных дакументаў на такі груз, міліцыя прадаўжае работу з асобамі, якія займаюцца закупам лому металаў. Правяраюць праваахоўнікі і тэхнічную ўмацаванасць гаспадарчых аб’ектаў, у час такіх рэйдаў нецвярозымі на працоўным месцы выяўлены вартаўнікі некалькіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Работа ў гэтым кірунку будзе прадоўжана, для ўзмацнення прафілактычнага ўздзеяння прагучала прапанова стварыць у гаспадарках уласныя групы па праверцы вартавой службы.
Ацяпляльны сезон не за гарамі
З ходам планавых супрацьпажарных работ і ўхіленнем парушэнняў, выяўленых аглядавымі камісіямі ў домаўладаннях жыхароў раёна, прысутных азнаёміў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык. Ён падкрэсліў, што гэтай тэме ў час падрыхтоўкі да новага ацяпляльнага сезона ў раёне будзе надавацца вялікая ўвага. Мінулы тыдзень для ратаўнікоў Дзятлаўшчыны выдаўся адносна спакойным: у шэрагу гаспадарак яны забяспечвалі пажарную бяспеку на жніве, таксама выязджалі на выклікі для аказання дапамогі насельніцтву па ліквідацыі гнёздаў джаланосных насякомых.
Аб’екты – у рабоце
Як расказаў дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Сяргей Луня, пры спрыяльных умовах надвор’я на бягучым тыдні будзе адноўлена дарожная разметка ў гарадскіх пасёлках Казлоўшчына і Наваельня. Сёлетняй восенню палепшыцца якасць водаправоднай вады ў аграгарадку Раклевічы, дзе ўзводзіцца станцыя абезжалезвання, мяркуецца, што такі ж аб’ект да канца года з’явіцца і ў Наваельні. Таксама ў гарпасёлку запланавана пачаць рамонт вуліцы Шашэйнай. У райцэнтры ажыццяўляецца капітальны рамонт дома па вуліцы Перамогі, у гэтым жа мікрараёне пры капрамонце дваровай тэрыторыі каля дамоў па вуліцах Чырвонаармейскай і Клары Цэткін пакладзены ніжні слой асфальтавага пакрыцця, распачата ўкладка бардзюрнай пліткі. Не спыняюцца работы на мосце па вуліцы Камсамольскай у Дзятлаве: жалезабетоннай канструкцыяй тут спалучаны два берагі, у хуткім часе за справу возьмуцца дарожнікі, сёлета аб’ект будзе здадзены ў эксплуатацыю. Гэта не ўсе добрыя весткі для жыхароў райцэнтра: выдзелена фінансаванне і будзе пачаты рамонт з укладкай асфальтавага пакрыцця па вуліцы Азёрнай, дзе знаходзіцца дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава. Актуальна, што да пачатку ацяпляльнага сезона завяршаюцца рамонтныя работы яшчэ на двух аб’ектах – у кацельнях аграгарадка Таркачы і вёскі Лапушна. Значнай сумай з абласнога бюджэту было вырашана падтрымаць пабудову камунальных сетак па вуліцах Высоцкага, Булата, Маладзёжнай у Дзятлаве, якая будзе ажыццяўляцца за кошт жыхароў гэтых вуліц.
Дапамагаюць збірацца ў школу
Аб ходзе на Дзятлаўшчыне рэспубліканскай акцыі “Збяром дзяцей у школу” расказалі намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч і начальнік аддзела адукацыі Наталля Белаус. У абавязковым парадку падтрымка будзе аказана 631 дзіцяці з малазабяспечаных сем’яў. Дапамогу ўжо атрымалі 57,6 % сем’яў. Да акцыі далучыліся наймальнікі, грамадскія арганізацыі, падтрымку дзецям-сіротам аказала Дзятлаўскае РУП ЖКГ.
У раёне прадаўжаецца кампанія па арганізацыі летняй занятасці і аздараўленні непаўналетніх: за чэрвень-ліпень у летніках раёна адпачылі 799 навучэнцаў з 902 запланаваных, у жніўні на Дзятлаўшчыне функцыянуюць 3 летнікі, дзе адпачываюць 86 дзяцей; з ліпеня навучэнцы працавалі ў сельскагаспадарчых атрадах БРСМ у ААТ “Граніт-Агра” (30 чалавек) і КСУП “Дварэц-Агра” (12 чалавек), на гэтым тыдні да работы прыступіў яшчэ адзін студатрад у складзе 15 чалавек у КСУП “Войневічы”.
Вірус спыніць вакцына
Галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ Алена Шайбак зазначыла, што, нягледзячы на прымаемыя прафілактычныя меры, у раёне рэгіструюцца выпадкі захворвання на каранавірус. На Дзятлаўшчыне вакцынавана 13,46 % насельніцтва. Цяпер прышчапляюць работнікаў гандлю: вакцыну ўжо атрымалі 5,3 % спецыялістаў гэтай сферы. На мінулым тыдні таксама было вакцынавана 44 педагогі. Стаіць задача да 1 верасня, калі дзеці сядуць за парты, максімальна ахапіць вакцынацыяй настаўнікаў нашага раёна. На жаль, ёсць на Дзятлаўшчыне і прыклад, як не трэба сябе паводзіць у час пандэміі. Правілы самаізаляцыі ў нашым раёне парушыў адзін чалавек, які нядаўна вярнуўся з-за мяжы. Да парушальніцы мяркуецца прыняць адпаведныя меры.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga