У райвыканкаме. Чым сустрэлі жнівень

Важнае Улада

На штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама абмеркаваны тэмы ходу сельскагаспадарчых работ, аховы правапарадку, супрацьпажарнай бяспекі, падрыхтоўкі да новага навучальнага года, вакцынацыі і іншыя.

Страты вырашчанага ўраджаю недапушчальныя

На пачатак тыдня на два дні адставаў наш раён па ўборцы збожжа. Між тым, перспектыва выйсці на неабходны паказчык ёсць, адзначыў першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віталій Шулейка. Яшчэ не ўбрана 398 гектараў ільну, але гэта стратэгічны запас насення, які павінен згодна з тэрмінамі выспявання трапіць на захоўванне. Усе гаспадаркі Дзятлаўшчыны ўжо прыступілі да ворыва пад азімыя культуры.

Андрэй Садоўскі даў заданне аграрыям рыхтавацца да ўборкі кукурузы, таксама “давесці да розуму” бульбаўборачную тэхніку і месцы захоўвання будучага ўраджаю “другога хлеба”. Бульбу сёлета вырошчваюць тры гаспадаркі раёна.

Магчымасць украсці стварае злодзея

Негатыўная стабільнасць па крадзяжах паліва, сельгаспрадукцыі і па знаходжанні ў нецвярозым стане на працоўным месцы назіраецца ў сельгаспрадпрыемствах раёна, паведаміў начальнік АУС райвыканкама Аляксандр Біль. Рэйдавыя праверкі гаспадарак будуць працягвацца. Таксама на мінулым тыдні ў раёне зафіксаваны крадзеж з нежылога дома і адбыліся два крадзяжы веласіпедаў. Дарэчы, адзін веласіпед скралі ў лесе, пакуль гаспадар збіраў грыбы. Праваахоўнікі працягваюць работу з нарыхтоўшчыкамі металалому. Зараз правяраецца законнасць здачы-набыцця 2140 кілаграмаў. Узбуджана крымінальная справа за крадзеж сцяга Рэспублікі Беларусь з прыватнага дома жыхаркі вёскі Азяраны. Яшчэ адзін факт, звязаны з

дзяржаўнай сімволікай, не застаўся без увагі міліцыі. На ўчастку трасы Дзятлава – Наваельня быў пашкоджаны банер у выглядзе дзяржаўнага сцяга. Высвятляюцца прычыны пашкоджання палатна.

Парушылі тэхналогіі сушкі

На мінулым тыдні ў раёне гарэў зернесушыльны комплекс, 60 тон зерня ўдалося ўратаваць ад агню. Прычынай здарэння начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык назваў няякаснае абслугоўванне зернесушыльнага комплекса персаналам – перад загрузкай зерня сушка не была ачышчана ад леташніх астаткаў, што прывяло да ўзгарання. На гэтым тыдні не зменшыцца ўвага ратаўнікоў супрацьпажарнаму стану тэхнікі, якая працуе на палетках гаспадарак, штодзённа яны будуць наведваць з кантролем і праверкай месцы ўборкі і сушкі зерня.

Старшыня райвыканкама паставіў задачу актывізаваць работу аглядавых камісій, у склад якіх уваходзяць і супрацоўнікі РАНС, каб своечасова былі выкананы работы ў жылым сектары па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезону, аказана дапамога састарэлым адзінокім людзям.

Зборы ў школу. Жнівень – самая актыўная пара

Як расказалі намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус, у планавым рэжыме працягваецца падрыхтоўка ўстановаў адукацыі раёна да новага навучальнага года. З 16 па 18 жніўня адбудзецца праверка іх гатоўнасці. Ігар Станіслававіч засяродзіў увагу на тым, што 308 сем’яў, у якіх выхоўваюцца 629 дзяцей, атрымаюць фінансавую дапамогу з раённага бюджэту ў рамках акцыі “Збяром дзяцей у школу”. Агульная сума выдзеленых сродкаў склала 16,6 тысячы рублёў. Таксама да акцыі дадаткова далучацца арганізацыі, прадпрыемствы і грамадскія аб’яднанні раёна.

Між тым, лета не скончылася. На кантролі застаюцца занятасць школьнікаў на канікулах і вынікі ўступнай кампаніі. Так, у раёне зараз працуюць 5 аздараўленчых летнікаў і 2 студэнцкія атрады. Сярод выпускнікоў 9 і 11 класаў 21 чалавек паступіў на аграрныя спецыяльнасці, 18 – будучыя педагогі.

“Расце” КАВІД

Колькасць захварэўшых на каранавірусную інфекцыю ў раёне ўзрасла да 29 выпадкаў, далажыла галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ Алена Шайбак. У адным з калектываў раёна адбылася ўспышка захворвання. Было высветлена, што ўсе захварэўшыя перавозіліся да месца працы адным аўтобусам. Адказным асобам арганізацыі выдадзены рэкамендацыі па апрацоўцы транспартных сродкаў, правілах перавозкі ў час пандэміі, дадзена ўказанне набыць маскі для работнікаў у неабходным аб’ёме (апошнюю закупку масак арганізацыя праводзіла ў мінулым годзе). Нагадала Алена Вячаславаўна таксама, што вакцынацыя ад каранавірусу ў раёне працягваецца. Усяго прышчэплена 13,04 % насельніцтва першым кампанентам вакцыны, 9,67 % – другім кампанентам.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga