Студатрадаўскае лета

Важнае Грамадства

Супрацоўніцтва моладзі і сельгаспрадпрыемстваў раёна – добрая шматгадовая традыцыя, якая склалася на Дзятлаўшчыне.

Школьнікі і студэнты, члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, за летнія канікулы паспяваюць не толькі адпачыць і пасябраваць, але і зарабіць грошы сабе на новы навучальны год.

На зернесушыльным комплексе ў КСУП “Войневічы” сёлета працуюць пятнаццаць удзельнікаў студатрада. Гэта школьнікі і студэнты з навакольных населеных пунктаў – Горкі і Войневічаў. Многія з іх маюць вопыт працы ў гаспадарцы, ведаюць сваю справу. Маладыя людзі расказалі, як ім працуецца.

Вераніка Загдай:

– Сёлета я скончыла другі курс Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа, а лета праводжу за працай. Каб сабрацца на вучобу, вырашыла сама зарабіць. Пару гадоў таму мне параіла прыйсці сюды працаваць мама, і я не пашкадавала, што пагадзілася. У такой працы адны плюсы: занятак гэты не надта складаны, кампанія ў нас дружная, ды і дзень праходзіць на свежым паветры. А яшчэ радуе, што атрымаю грошы, куплю сабе ў каледж рэчы, якія захачу.

Сяргей Клімчук:

– Вучуся на эканамічным факультэце, закончыў тры курсы ўніверсітэта. На зернесушыльным комплексе працую ўжо пяты сезон разам з бацькам. Як будучы эканаміст, радуюся магчымасці добра зарабіць сваімі рукамі. Нягледзячы на тое, што ўвесь ліпень і жнівень у нас працоўныя, лета атрымалася яркім і запамінальным.

Ягор Косы:

– Сам я мясцовы, з Войневічаў. Працую тут не першы летні сезон, пакуль у маім каледжы канікулы. У мінулым годзе ездзілі ў поле, зрэзвалі там непатрэбныя каласкі, а сёлета працую на “Петкусе” на зернесушыльным комплексе. Праца такая ў радасць, бо ўсе тут дружныя і вясёлыя. Выхадныя таксама праводзім разам.

У калектыве сельгаспрадпрыемства любяць моладзь за адказныя адносіны да справы, зладжанасць і працавітасць.

– Лета – пара гарачая, работы хапае ўсім, – кажа аператар зернесушыльнага комплексу КСУП “Войневічы” Анатоль Клімчук. – Моладзь на комплексе вельмі дарэчы: яны рухавыя, старанныя, прыбіраюць тут усё, падмятаюць пасля загрузкі сушылкі. Уважліва слухаюць просьбы старэйшых і дакладна іх выконваюць. Працаваць з такімі памочнікамі ў радасць.

Кіраўніцтва гаспадаркі таксама задаволена: энергічная моладзь з’яўляецца добрым падспор’ем у гарачую пару жніва. Са свайго боку тут стараюцца не пакрыўдзіць юных работнікаў ні ўмовамі працы, ні рублём: студатрадаўцы атрымліваюць увесь неабходны для работы інвентар, штодзень – гарачы абед, які прывозяць на месца з калгаснай сталовай. Усіх, хто актыўна папрацаваў на працягу сезона, чакае дастойная заработная плата – адзін з важных стымулаў працы на канікулах.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: