Stile studio: мара, якая збылася

Важнае Грамадства

За кожным паспяховым мужчынам стаіць моцная жанчына, кажа нам народная мудрасць.

 

На Дзятлаўшчыне гэта правіла працуе і наадварот: дзве абаяльныя бізнес-лэдзі Аліса і Алена змаглі здзейсніць сваю мару дзякуючы ўласнай сіле волі і падтрымцы сваіх любімых мужчын. У нядзелю ў будынку гасцініцы “Дядя Ваня” ўрачыста адчыніў свае дзверы іх сумесны праект – салон прыгажосці “Stile studio”.

Да гэтага дня кожная з іх ішла сваёй дарогай.

Аліса Глацько была ў дэкрэтным адпачынку з малодшым сынам, калі з’явілася жаданне рэалізаваць сябе ў якой-небудзь справе. Гэту ідэю актыўна падтрымаў муж Аляксандр, дапамог знайсці спецыяльныя курсы, а па іх заканчэнні арганізаваў для жонкі сапраўдны манікюрны кабінет на балконе ўласнай кватэры, абставіўшы яго ўласнымі рукамі з вялікім густам. Знайсці пастаянных кліентаў дапамагла інтэрнэт-пляцоўка Instagram. Сынок стаў наведваць дзіцячы сад, а распарадак дня жанчыны стаў нагадваць сапраўдны працоўны графік.

– Аднак, нечага не хапала, – кажа Аліса. – У душы жыла мара пра асаблівае месца, куды я змагу прыходзіць на любімую работу, каб потым з добрым настроем вяртацца да сваіх блізкіх. Гэта была мара, якая стала рэальнасцю з лёгкай рукі дарагога мужа.

Аляксандр – муж, таварыш, аднадумца і рухавік, які дапамагае прадпрымальніцы ўвасабляць смелыя ідэі. Ён адобрыў жаданне жанчыны пашырыць свае веды, асвоіўшы майстэрства педыкюру, змахваў з яе шчакі слёзы першых няўдач і нават сам згадзіўся быць “падвопытным” на прафесійных курсах. І ўсё атрымалася.

Ідэя адкрыць салон прыгажосці прыйшла дзвюм мэтанакіраваным жанчынам тады, калі Алена Лашкоўская прыйшла на манікюр. За працяглы час працэдуры паспелі і памарыць, і абмеркаваць нюансы будучага салона.

Алена стала для Алісы добрым кампаньёнам. Яна таксама прыйшла ў сваю прафесію не адразу, зразумеўшы, што рабіць стрыжкі, прычоскі і макіяж ёй падабаецца больш, чым рабіць справаздачы за камп’ютарам. Тры гады жанчына працавала ў сельскагаспадарчым філіяле «АграМілк», але марыла пра ўласны цырульніцкі кабінет.

Ідэю бізнесу, якая стала марай для жанчын, разам з імі ўвасобілі ў жыццё іх любімыя мужчыны – Аляксандр і Дзяніс. У светлым памяшканні гасцініцы з’явілася спецыялізаваная мэбля і матэрыялы, усё новае, як адзначылі самі гаспадыні, дадаліся ноткі шарму і ўтульнасці ў выглядзе прыемных дробязяў, а цэнтральную сцяну памяшкання ўпрыгожыла выява “A&Е” па першых літарах імёнаў прадпрымальніц. На адкрыццё сабраліся кліенты і блізкія людзі, прынёсшы з сабой добрыя пажаданні, кветкі і статуэткі сланоў – сімвал багацця і росквіту.

– Мы суседкі на адной пляцоўцы. Жыла побач і нават не ведала, што Аліса паспяхова асвоіла манікюр. Нават не адважвалася спачатку да яе прыйсці як кліентка. А калі рашылася – не пашкадавала. Цяпер наведваю майстра рэгулярна, запісваюся загадзя, каб не праспаць свой час, – расказвае госця мерапрыемства Галіна Грыб.

Мясцовая жыхарка Наталля Стрыдзінская дае высокую ацэнку свайму пастаяннаму майстру-цырульніку Алене Лашкоўскай:

– У яе таленавітых руках я бывала не раз: выконвала і стрыжкі, і фарбаванне валасоў. Не раз чула ад яе пра мару адкрыць уласную справу, якая нарэшце збылася. Хачу пажадаць таленавітай жанчыне творчасці, задаволеных кліентаў і пастаяннага развіцця ў прафесіі.

Ужо з панядзелка пачаўся першы працоўны тыдзень бізнес-вумен. Па словах жанчын, усе сталыя кліенты будуць цяпер прыходзіць па новым адрасе, а працаваць яны плануюць па папярэднім запісе.

У салоне “Stile studio” аказваюцца разнастайныя віды паслугаў: у Алісы – нарошчванне пазногцяў, манікюр любога плана і на любы густ, а таксама педыкюр з апрацоўкай стапы; у Алены – стрыжкі і ўкладкі, прычоскі для любой нагоды, а таксама макіяж.

У жанчын усё толькі пачынаецца на новым месцы, але ў іх поспех верыцца несумненна, бо за плячыма амбіцыёзных прадпрымальніц – іх моцныя любячыя мужчыны, іх сем’і.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga