“Сафія”: запатрабаваная дапамога, гаспадарчы падыход

Важнае Грамадства

Дзякуючы гуманітарнаму праекту Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Сафія”, у Казлоўшчынскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна з’явілася абноўленая пральня, якая дапаможа ўстанове штогод эканоміць значныя сумы бюджэтных сродкаў.

Дзве энергаэфектыўныя пральныя машыны на 9 кілаграмаў бялізны кожная, сушыльная машына на 8 кілаграмаў, 3 шматфункцыянальныя медыцынскія ложкі з матрацамі і бакавымі сценкамі, 2 супрацьпролежневыя матрацы, стойка для кропельніцы, перасоўны бактэрыцыдны рэцыркулятар паветра, каляска для збору посуду на агульную суму 7 тысяч 24 рублі – вось поўны спіс запатрабаваных рэчаў, якія сёлета перададзены ў аддзяленне ў рамках рэалізацыі чарговага дабрачыннага праекта “Сафіі”.

Праверыць, як працуе абсталяванне, пагутарыць з персаналам і насельнікамі аддзялення ў Казлоўшчыну прыехаў выканаўчы дырэктар МДГА “Сафія” Сяргей Зубовіч.

– На працягу больш чым 20 гадоў наша Міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне ажыццяўляе гуманітарную дзейнасць у Беларусі, – расказаў Сяргей Станіслававіч. – За гэты час было рэалізавана шмат праектаў у розных абласцях краіны. Яны магчымы, дзякуючы волі і жаданню простых людзей, якія ахвяруюць частку сваіх сродкаў у фонд гуманітарнай службы Царквы Ісуса Хрыста і Святых апошніх дзён. Гэта арганізацыя спансіруе нашу гуманітарную дзейнасць на тэрыторыі Беларусі.

Звычайна каардынацыяй дабрачынных праектаў займаюцца сямейныя пары вернікаў. Цяпер гэта Брэд і Лінда Блаў. Праўда з-за пандэміі каранавірусу ім давялося пакінуць Беларусь і вярнуцца ў ЗША. Калі ж з’явілася вакцына, Брэд і Лінда атрымалі магчымасць прадоўжыць гуманітарную місію ўжо ў Кіеве, адкуль курыруюць праекты краін Усходнееўрапейскага рэгіёна, да якіх адносяцца былыя савецкія рэспублікі, Турцыя, Балгарыя і іншыя, таму Брэд і Лінда Блаў прадаўжаюць заставацца нашымі памочнікамі ў Беларусі.

Казлоўшчыну я наведваю не першы раз, перад запускам праекта быў тут, каб азнаёміцца з сітуацыяй, выслухаць просьбы аб дапамозе, прыняць рашэнне, якое абсталяванне і рэчы набываць для аддзялення.

– Дапамогай “Сафіі” мы карысталіся неаднойчы, – узгадвае галоўныя моманты супрацоўніцтва дырэктар ЦСАН Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык. – І заўсёды былі задаволены такімі надзейнымі памочнікамі. У 2010 годзе для маладых інвалідаў аддзялення дзённага знаходжання “Праменьчык” “Сафія” набыла трэнажоры. Ведаючы, што аднаму і таму ж адрасату арганізацыя дапамагае толькі адзін раз, у 2013 годзе я ўсё ж рызыкнула звярнуцца да нашых правераных партнёраў з просьбай аб новай тэхніцы і мэблі для Дома сумеснага самастойнага пражывання, які адкрываўся ў Гезгалах. На шчасце, каардынатары “Сафіі” не адмовілі, і тагачасныя падарункі служаць насельнікам да сённяшніх дзён.

Асабліва мяне парадавала вестка, што ўмовы дабрачыннай місіі МДГА “Сафія” памяняліся: цяпер арганізацыя адзін раз у пяць гадоў можа аказваць паўторную дапамогу ўстановам, з якімі супрацоўнічала раней. Так узнікла ідэя новага гуманітарнага праекта для Казлоўшчынскага аддзялення.

У час арганізацыйнай сустрэчы нас з загадчыцай аддзялення Валянцінай Белай асабліва натхніў гаспадарчы падыход Сяргея Станіслававіча да справы. Дзякуючы багатаму вопыту гуманітарнага супрацоўніцтва, пры вывучэнні нашых патрэбаў ён даў слушныя парады па закупе абсталявання для пральні, паклапаціўся, каб яно было энергазберагальным і ў той жа час спраўлялася з тымі аб’ёмамі работ, якія нам неабходны.

Цяпер новая тэхніка дапаможа аддзяленню кожны год эканоміць каля 5 тысяч рублёў, якія раней траціліся на дастаўку і мыццё пасцельнай бялізны ў пральні суседняга Навагрудскага раёна. Калі дадаць да гэтага 500 рублёў, выкарыстаных летась на рамонт старых пральных машын, якімі мы ўсё роўна карысталіся для мыцця адзення насельнікаў, выгада становіцца больш адчувальнай. Вельмі ўдзячны “Сафіі” і Сяргею Станіслававічу за сапраўды разумны гаспадарчы падыход.

Пасля размовы Сяргей Зубовіч наведаў пральню, сталовую і жылыя пакоі аддзялення, каб па добрай традыцыі наклеіць сцікеры з брэндавым знакам “Сафіі” на падарункі і пацікавіцца, наколькі яны палепшылі жыццё персаналу і насельнікам.

– Дэвіз нашай арганізацыі: “Дапамагаць людзям, каб у далейшым яны змаглі дапамагчы сабе самі”, – падкрэсліў Сяргей Станіслававіч. – Мы стараемся падтрымаць найбольш аслабленых грамадзян у складаных жыццёвых сітуацыях.

Адзін з падарункаў дастаўся інваліду-калясачніку Васілю Радко, які ўжо 5 гадоў жыве ў аддзяленні. З-за хваробы ён не можа размаўляць, але, прыклаўшы руку да сэрца, мужчына паказаў, наколькі шчыра ўдзячны місіянерам “Сафіі” за новы ложак, што значна палегчыў фізічныя нязручнасці.

Словы ўдзячнасці Сяргей Зубовіч пачуў і за каляску для посуду, на якой работніцы перавозяць і вялікія каструлі з гатовымі абедамі, і порцыі для насельнікаў аддзялення.

У пральні госцю расказалі, што новыя машыны працуюць у ашчадным рэжыме, выконваючы па 2-3 загрузкі на дзень, і гэтага хапае, каб перамыць бялізну і асабістыя рэчы насельнікаў, а сума аплаты за электраэнергію засталася амаль на ранейшым узроўні, бо тэхніка сучасная і энергазберагальная.

Развітваючыся, Сяргей Зубовіч расказаў, хто можа разлічваць на падтрымку “Сафіі” і чаго чакае дабрачынная арганізацыя ад атрымальнікаў дапамогі:

– Наша аб’яднанне не з’яўляецца спонсарам канкрэтнай установы. Мы стараемся ахапіць сваёй дапамогай як мага больш людзей у сацыяльных і медыцынскіх установах розных рэгіёнаў Беларусі і краінаў свету. Гэта састарэлыя, хворыя людзі, інваліды, якія сапраўды маюць патрэбу ў гуманітарнай падтрымцы, каб кожны іх новы дзень быў больш камфортны і спрыяльны. Аднак, мы рэалізоўваем чарговы праект і ад’язджаем, а карыстальнікі дапамогі застаюцца з нашымі падарункамі. Ад таго, наколькі рацыянальна, беражліва, доўга яны будуць выкарыстоўвацца, залежыць паспяховасць нашага сумеснага праекта. У Казлоўшчыне, я ўпэўнены, усё атрымаецца па-гаспадарску.

Ірына СТЫРНІК