“Руда Яварскае” дэрбі

Важнае Свежыя навіны Спорт і турызм

На Дзятлаўшчыне ёсць вёска, дзе кожны год у апошнім месяцы лета праводзіцца футбольны матч паміж камандамі моладзі і старэйшага пакалення.

Гэты жнівень таксама не стаў выключэннем: ужо восьмы раз Руда Яварская прымала ўдзельнікаў і балельшчыкаў традыцыйнай таварыскай сустрэчы, у якой сышліся мясцовыя каманды “Юнацтва” і “Вопыт”.

З самага пачатку гульні энергічнасць і энтузіязм маладых футбалістаў зрабілі сваю справу: яны доўгі час “гаспадарылі” на палове саперніка, абышлі абарону “старажылаў” поля і забілі тры мячы без адказу. Пры ліку 3 : 0 каманда “Вопыт” не страціла эмацыйную ўстойлівасць, стала менш браць гульню на сябе і рабіць больш дакладных перадач. Прошлыя матчы не раз даказвалі “цёртым калачам” простую “футбольную” ісціну: мяч заўсёды ляціць хутчэй, чым бяжыць гулец. Пасля граматнага размеркавання сіл, гол “вопыту” не заставіў сябе доўга чакаць – перадача ў цэнтр, імгненны дрыблінг па левым флангу і “снайперскі” ўдар у левы ніжні вугал “размачылі” сухі лік на табло. Аднак юныя футбалісты ўзмацнілі націск на вароты і дабіліся выдатнага выніку: да канца матча яны змаглі забіць яшчэ шэсць мячоў, а сапернікі – толькі адзін. Выніковы лік – 9 : 2. Чэмпіёнская статуэтка ў “Юнацтва”.

Па выніках гульні адзначылі лепшых футбалістаў у наступных намінацыях: “Граза варот і галкіпераў. Лепшы нападаючы” – Ягор Альховік (“Юнацтва”) і Арцём Касач (“Вопыт”); “Вораг не пройдзе. Лепшы абаронца” – Руслан Пішчык (“Юнацтва”) і Сяргей Урбановіч (“Вопыт”); “Душа каманды” – Аляксей Джураханаў (“Юнацтва”) і Дзмітрый Юшкевіч (“Вопыт”); “Лепшы варатар. Гранітная сцяна” – Юрый Орсік (“Юнацтва”) і Руслан Юшкевіч (“Вопыт”); “Твар каманды” – Дзяніс Валяк (“Юнацтва”) і Мікалай Касач (“Вопыт”); “Новыя надзеі” – Ягор Альховік (“Юнацтва”) і Іван Панкратаў (“Вопыт”); “Сама азартнасць” – Ягор Альховік (“Юнацтва”) і Аляксандр Мілейка (“Вопыт”); “Галоўны суддзя. Міратворац” – Валянцін Грынцэвіч; “Ганаровы суддзя” – Святаслаў Заяц; “Скрытыя рэзервы. Лепшыя балельшчыкі” – Алена Мацкевіч і Маргарыта Мілейка.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: