Каля 200 педагогаў нашага раёна, прадстаўнікі раённай улады, духавенства сабраліся ў зале раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, каб падвесці вынікі мінулага навучальнага года і акрэсліць новыя задачы.
Нарадзе папярэднічала выстава-прэзентацыя праектаў, якія рэалізоўваліся ў школах і дашкольных навучальных установах раёна, па захаванні сямейных каштоўнасцяў і патрыятычным выхаванні.
Усе прысутныя павіталі настаўнікаў, якія сёлета прыбылі ў наш раён. Педагагічныя калектывы навучальных установаў папоўніліся 31 маладым спецыялістам. З пачаткам працоўнага шляху на Дзятлаўшчыне іх павіншавалі і ўручылі ім памятныя падарункі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Станіслаў Фабішэўскі.
Маладыя педагогі атрымалі наказ ад старэйшай калегі, намесніка дырэктара гімназіі № 1 горада Дзятлава, лаўрэата рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, удзельніцы VI Усебеларускага народнага сходу Наталлі Клімец:
– Васіль Сухамлінскі пісаў: “Праца настаўніка ні з чым не параўнальная і не супастаўная. Ткач ужо праз гадзіну бачыць плён сваёй працы, хлебароб праз некалькі месяцаў любуецца каласамі і жменяй збожжа, выгадаванага ў полі. Настаўніку ж трэба працаваць гады, каб убачыць прадмет свайго тварэння”. Жадаю вам, дарагія калегі, цярпення, прафесіяналізму і творчасці.
Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус пазнаёміла прысутных з вынікамі работы аддзела і ўстановаў адукацыі за 2020-2021 навучальны год.
Эфектыўныя метады фарміравання ўяўленняў аб духоўна-маральных якасцях асобы ў дзяцей дашкольнага ўзросту прэзентавала намеснік загадчыка Гезгалаўскага ясляў-сада Алена Лукіянец.
Намеснік дырэктара сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Алена Баклага, якая сёлета прадстаўляла сваю навучальную ўстанову на Рэспубліканскім педагагічным савеце ў Мінску, расказала пра сістэмны падыход у арганізацыі навучальнага працэсу ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі.
Са сваёй работай пазнаёмілі ўдзельнікаў нарады юныя прадстаўнікі моладзевага парламента Дзятлаўшчыны, якія актыўна ўдзельнічаюць у грамадска-палітычным жыцці нашага раёна, прадстаўляюць яго на абласных і рэспубліканскіх пляцоўках, вядуць дыялог з кіраўніцтвам раёна.
Са словамі ўдзячнасці і віншаваннем да прысутных звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі. У сваёй прамове ён заўважыў, што развіццю сістэмы адукацыі раёна надаецца ключавое значэнне. 40 % раённага бюджэту выдаткавана на гэтыя мэты, звыш таго выдзяляюцца сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў адукацыі.
– Прыемна сёння канстатаваць той факт, што сістэма адукацыі раёна працуе стабільна і педагагічныя калектывы пастаянна дасягаюць станоўчых вынікаў, падтрымліваючы прэстыж Дзятлаўшчыны. Ёсць чым ганарыцца і па выніках мінулага навучальнага года. Нашы педагогі развіваюцца, удасканальваюцца, дэманструюць сваё прафесійнае майстэрства не толькі на абласным узроўні, але і на рэспубліканскім, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч.
Кіраўнік раёна выканаў прыемную місію – уручыў Ганаровыя граматы Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта педагогам раёна: Марыне Сербін, Але Рэгіневіч, Наталлі Капковіч, Алесі Жылінскай і Мікалаю Юрчыку. Падзячнымі лістамі старшыні райвыканкама былі адзначаны Аксана Яфімік, Таццяна Жынко, Марына Ігнацік, Ніна Трафімчык і Тамара Крывеня.
Да віншаванняў далучыўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, які адзначыў Ганаровымі граматамі райсавета начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Наталлю Белаус, дырэктара Дварэцкай сярэдняй школы Вераніку Фабішэўскую, метадыста Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ірыну Мішчанка і дырэктара Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Марыну Нячай, Падзячным лістом старшыні раённага Савета дэпутатаў – настаўнікаў Ганну Урбановіч, Алену Баканаву, Анастасію Крысанаву, Віталя Халюкова.
Граматай Міністэрства адукацыі былі адзначаны настаўніца фізікі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Мая Якаўчык і дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ала Жэгалік.
У гэты дзень было яшчэ шмат узнагародаў, падарункаў і прыемных сюрпрызаў. Завяршылася мерапрыемства святочным канцэртам для педагогаў ад навучэнцаў школ раёна.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga