З 2 па 8 жніўня ў аператыўна-дзяжурную службу аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 93 паведамленні, 6 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 29 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 58 – аб іншых здарэннях.
Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 45 правапарушальнікаў. Узбуджана 3 крымінальныя справы.
Хуліганства ці мэтанакіраваны вандалізм?
На аўтадарозе Дзятлава – Наваельня невядомы пашкодзіў палатно банера з выявай Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Па факце хуліганскіх дзеянняў узбуджана крымінальная справа.
Паважаныя жыхары і госці горада Дзятлава! Калі вам што-небудзь вядома па гэтым факце, просьба паведаміць любую інфармацыю ў аддзел унутраных спраў райвыканкама па тэлефонах: 2-12-34, 2-13-34 або 102. Узнагароджанне і ананімнасць гарантуюцца!
“Разжыліся” металам
З 12 ліпеня па 5 жніўня з арандаванага будынка былой воінскай часці скрадзены металічныя рэчы і інструменты (радыятары ацяплення, камплекты бартоў аўтамабільнага прычэпа, металічныя балоны, дамкраты, тачкі і іншае) на агульную суму 3 тысячы рублёў. Памяшканне не было абсталявана ахоўнай сігналізацыяй.
Трагедыя на вясковай дарозе
У вёсцы Вензавец трактар Джон Дзір (належыць гаспадарцы “РоданАграПол”) збіў прычапным шматрадным плугам веласіпедыста, які рухаўся ў спадарожным кірунку. Ад атрыманых траўмаў веласіпедыст загінуў на месцы здарэння. Узбуджана крымінальная справа.
П’яныя дзяжурствы
На мінулым тыдні два вартаўнікі і адзін аператар малакаправода сельскіх гаспадарак раёна затрыманы ў нецвярозым стане на рабочым месцы.
Зніклі без вестак
Сужыцелі з Казлоўшчыны, абодва непрацуючыя, пайшлі са свайго дома 30 ліпеня. Да цяперашняга часу іх месцазнаходжанне невядома.
Уладзімір СВЯТОХА,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!