“Век жыві – век вучыся”, – гаварылі нашы продкі.
Навучэнцы Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы не забыліся гэтай народнай мудрасці і вырашылі скарыстаць магчымасць летам не проста адпачыць, а з карысцю.
У жніўні ва ўстанове адукацыі пачало працаваць аб’яднанне па інтарэсах “Інтэлектуальныя гульні”. Актуальнасць інтэлектуальных гульняў для сучасных падлеткаў у тым, што яны вучаць не назапашваць “непад’ёмны груз”, які складаецца з фактаў, якія непатрэбныя ў паўсядзённым жыцці, а выпрацоўваць уменні, абапіраючыся на пэўны жыццёвы вопыт, знаходзіць сувязь паміж рознымі галінамі ведаў, прыдумваць новае, хутка і правільна арыентавацца ў плыні інфармацыі. Сучаснае жыццё патрабуе ад чалавека ўмення працаваць у калектыве, камандзе, праяўляючы, у залежнасці ад сітуацыі, лідарскія якасці, якасці “генератара ідэй” або аналітыка – гэтаму таксама вучаць інтэлектуальныя гульні.Удзел у інтэлектуальных гульнях захапляе навучэнцаў у працэс зносін і пазнання. Цікава гуляць і зносіцца з сябрамі, успрымаць новае праз гульню, даведвацца пра новыя факты і падзеі самастойна. У падлеткавым узросце важна быць у цэнтры ўвагі, таму навучэнцы дзеляцца сваімі ведамі і ўменнямі, бачаць магчымасці, дзе іх можна прымяніць.
Работа педагоганакіравана на развіццё творчага мыслення, фантазіі і логікі, пазнавальнай актыўнасці і, канечне, матывацыі да самаадукацыі. Дзейнасць у аб’яднанні вучыць падлеткаў працаваць з вялікімі аб’ёмамі інфармацыі, апрацоўцы яе ў кароткія прамежкі часу, засваенне асноўных прынцыпаў эўрыстыкі.
Добразычлівую атмасферу ў час заняткаў можна стварыць, выкарыстоўваючы інтэрактыўныя прыёмы “Камплімент”, “Люстэрка”, “Ланцужок пажаданняў”. Гульні “Агульнае слова”, “Ён і яна”, “Рэаліі” спрыяюць развіццю ў навучэнцаў жадання сістэматычна атрымліваць новыя веды. Калі неабходна развіваць у падлеткаў уменні беспамылкова і ў абмежаваны час даваць правільны адказ і прымаць нестандартныя рашэнні, можна на занятках прапанаваць гульню “Інтэлект-покер”, “Тройка”, “Што? Дзе? Калі?”.
Актыўнасць у час стасункаў на занятках аб’яднання па інтарэсах “Інтэлектуальныя гульні” гарантуе добры настрой і пазітыўныя эмоцыі. У нас няма тых, хто прайграў. Сярод нас толькі тыя, хто мае вялікае жаданне развівацца і рухацца толькі наперад.
Таццяна ЖЫНКО,
настаўніца беларускай мовы Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga