На Дзятлаўшчыне апрабаваны новы тэматычны камбінаваны тур з элементамі анімацыі “Ад Цара да самавара”.
Сярод турыстаў асаблівай папулярнасцю карыстаюцца сплавы на байдарках. Новы тур зробіць водныя падарожжы больш разнастайнымі і цікавымі. Стартуе ён у аграгарадку Дварэц, дзе для гасцей правядуць экскурсію па культурна-гістарычных аб’ектах і памятных месцах. Турыстычнай групе будзе прапанавана паглядзець касцёл Божага Цела і царкву Пакрова Прасвятой Багародзіцы, азнаёміцца са скульптурай анёла на магіле Апалінарыі Пратасевіч, “дакрануцца” вокам да руінаў старога вадзянога млына, ушанаваць памяць ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны каля помніка загінулым мясцовым жыхарам.
Працягам тура стане тэматычнае тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам дварэцкіх артыстаў, якія пазнаёмяць гасцей з беларускай нацыянальнай культурай праз займальныя абрадавыя песні і танцы. Нечаканыя сюрпрызы толькі пачынаюцца: далей турысты сустрэнуцца з самым “сапраўдным” Царом. “Казачны” кіраўнік аграгарадка прыме ў гасцей экзамен на веданне сваіх “царскіх” уладанняў і пасля яго паспяховага праходжання выдасць вандроўнікам білеты на сплаў, блаславіць усіх байдарачнікаў пры дапамозе сімвалічнага “дрэва пажаданняў”. Воднае падарожжа дазволіць глянуць на зецельскі край зусім з іншага ракурсу: турыстаў чакаюць прыгожыя лясныя пейзажы, на шляху сустрэнуцца розныя прыродныя перашкоды, якія кожны павінен пераадолець разам са сваім напарнікам па байдарцы, працяглы маршрут падорыць прыемную стомленасць і незабыўныя ўражанні. Сплаў будзе праходзіць па рацэ Моўчадзь. Яго фінішны пункт – маляўнічы бераг у гарадскім пасёлку Наваельня, дзе турыстаў зноў жа сустрэнуць мясцовыя артысты з традыцыйнымі для беларусаў шчырасцю, цеплынёй і дабрынёй. З гасцямі паразмаўляюць на мове вядомых беларускіх прыказак і прымавак, пацікавяцца, ці сталі яны адной “плывучай” камандай пасля доўгага і эмацыйна-насычанага воднага падарожжа. Правядуць з імі цікавыя конкурсы і гульні, у перапынку запросяць ва ўтульнае “міні-кафэ” на свежым паветры “Да самавара”. Пасля “смачнага” адпачынку ўсе турысты пройдуць пасвячэнне ў байдарачнікі з атрыманнем адпаведных сертыфікатаў. У водным падарожжы госці змогуць зрабіць фотаздымкі ў прапанаваных ім “жывых” фотазонах.
Дзятлаўшчына працягвае адкрываць свае “турыстычныя” дзверы. Засталося толькі ў іх зайсці і ўбачыць усю яе прыгажосць, якая абавязкова сустрэнецца на шляху “цікаўнага” вока.
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga