І ветфельчар, і мастачка

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

У сельскіх гаспадарках Дзятлаўскага раёна сваю прафесійную справу пачынаюць маладыя спецыялісты, якія з поўнай самааддачай і энтузіязмам прыступаюць да працы, пераймаюць каштоўны вопыт у старэйшых калег і “будуюць” амбіцыйныя планы на будучыню.

На комплекс “Хадзяўляны” ў сельскагаспадарчы філіял “АграМілк” нядаўна прыйшла працаваць ветфельчарам Вікторыя Лазута.

Дзяўчына родам з аграгарадка Гезгалы, аднак апошнія сем гадоў жыве ў вёсцы Засецце. З дзяцінства Вікторыя вельмі любіць жывёл. З клопатам і ласкай ставіцца да сваіх хатніх гадаванцаў: папугая Гошы, сабакі Герды, катоў Мурзіка і Сімбы. Жаданне не проста дапамагаць жывёлам, але яшчэ і іх лячыць пабудзіла дзяўчынку пасля дзявятага класа паступіць у Ваўкавыскі дзяржаўны аграрны каледж на спецыяльнасць “ветэрынарная медыцына”. Яшчэ ў час навучання студэнтка праходзіла практыку ў Хадзяўлянах, летам там жа падзарабляла. А ўжо сёлета стала паўнацэнным ветфельчарам. Хоць працоўны калектыў трохі памяняўся, але гэта не перашкодзіла маладому спецыялісту знайсці агульную мову з новымі калегамі. Галоўны ветдоктар Аляксандр Покала з першага дня пачаў уводзіць дзяўчыну ў курс справы, “па крупінках” перадаваць свой каштоўны прафесійны вопыт, падмацоўваць і дапаўняць тыя веды і ўменні, якія яна паспела атрымаць за час навучання і практыкі.

– Ветфельчар – цікавая і неабходная прафесія, але ў той жа час вельмі адказная – галоўнае, нічога не баяцца, упэўнена падыходзіць да выканання сваіх абавязкаў, “віртуозна” валодаць шпрыцам і ведаць, куды “калоць” здароўе, смела дзейнічаць у розных нечаканых “ветэрынарных” сітуацыях, – адзначае Вікторыя.

У лік яе абавязкаў уваходзяць лячэнне і вакцынацыя цялятаў. Таксама, калі неабходна, яна дапамагае гінеколагу і галоўнаму ветдоктару праводзіць агляды і прымаць роды. Разам з калегамі ветфельчар-пачатковец паспела падарыць жыццё ўжо двум цяляткам. За час працы ў Вікторыі з’явілася і свая ўлюбёнка, якую яна ласкава называе Пандачка. Цялё нарадзілася з незвычайнай афарбоўкай, было вельмі слабое і мела патрэбу ў пастаяннай увазе. Дзяўчына гадавала і выходжвала яго, паставіла на ногі і толькі пасля гэтага адпусціла ў “самастойны” шлях у другую частку фермы на дагадоўванне.

Вікторыя – амбіцыйны і працавіты чалавек, які ніколі не сядзіць на адным месцы, стараецца развівацца як у прафесійным, так і ў асабістым плане, імкнецца да чагосьці новага і пазнавальнага. Зараз хоча зрабіць наступны самастойны крок: стаць у чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў. Увосень, каб удасканаліць веды ў прафесіі, плануе паступіць на завочную форму навучання ў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, ці ў аграрны ўніверсітэт у горадзе Гродна. Марыць адкрыць сваю ветклініку. Па жыцці заўсёды прытрымліваецца галоўнага прынцыпу: калі ўзяўся за працу, давядзі яе да канца.

Цікава, што дзяўчына з’яўляецца яшчэ і творчай натурай: не раз прыкладвала свой пэндзаль да стварэння карцін з маляўнічымі прыроднымі краявідамі, любімымі жывёламі. І гэта не дзіўна, бо за плячыма пяць гадоў школы мастацтваў. Таксама вольны час Вікторыя праводзіць у асяроддзі родных і сяброў. З нецярпеннем чакае свайго каханага, які служыць у пагранічных войсках і абараняе Радзіму.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: