“Эканамічны” пост прыняў

Галоўнае Грамадства

Пасля школы перад намі паўстае выбар: кім быць і куды пайсці вучыцца?

Кожны выбірае свой шлях. Калі студэнцкія гады падыходзяць да завяршэння, будучаму маладому спецыялісту неабходна вызначыцца з першым рабочым месцам, дзе пачнецца яго працоўная гісторыя. І вось, доўгачаканы і запаветны дыплом ужо ў руках, захопленыя і энергічныя выпускнікі гатовы пакараць “прафесійныя” вяршыні. Адзін з іх малады спецыяліст Аляксандр Белавус, які працуе эканамістам у КСУП “Жукоўшчына”.

Родам ён з Дзятлава, спачатку вучыўся ў першай школе, потым перайшоў у гімназію. Яшчэ да паступлення ва ўніверсітэт хлопцу вельмі падабаліся дакладныя прадметы і замежныя мовы. Ён з захапленнем спасцігаў асновы і ўдасканальваў свае веды па матэматыцы і англійскай мове. Менавіта гэта і абумовіла яго выбар установы адукацыі і прафесіі: малады чалавек паступіў у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт на эканамічны факультэт. Вучыўся па спецыяльнасці “менеджмент”, атрымаў спецыялізацыю “менеджар-эканаміст”. Выпускніку прапанавалі працу ў Астравецкім або Дзятлаўскім раёнах. Ён доўга не разважаў і вырашыў пачаць прафесійны шлях на сваёй радзіме. У гаспадарцы прынялі цёпла і гасцінна. Зусім хутка новы супрацоўнік пераедзе ў прадастаўленую гаспадаркай аднапакаёвую кватэру, дзе ёсць усё неабходнае для камфортнага і ўтульнага пражывання. Старт самастойнага жыцця дадзены – галоўнае не збаўляць “ініцыятыўны” тэмп і будаваць планы на будучыню.

Застанецца Аляксандр у Жукоўшчыне пасля адпрацоўкі ці не, ён пакуль не ведае, бо толькі пачаў уключацца ў рабочы працэс і асвойвацца на новым месцы. З першымі цяжкасцямі спраўляецца, як сказалі б ва ўніверсітэце, – “на залік”. Калі ўсё ж узнікаюць пытанні, заўсёды дапаможа і падкажа калега па рабоце і суседка па кабінеце, галоўны эканаміст Алена Айрапетава. Перад тым, як прыступіць да сваіх працоўных абавязкаў, Аляксандр праходзіў стажыроўку пад кіраўніцтвам ужо вопытнага маладога спецыяліста Валерыі Аніська. За кароткі час дзяўчына пастаралася падзяліцца неабходным “багажом” ведаў, увяла ў курс справы і перадала “эканамічны” пост новаму супрацоўніку. Цяпер ён займаецца налічэннем заработнай платы, падрыхтоўкай розных фінансавых справаздачаў, вядзе ўлік грашовых сродкаў і іншым. “Першы працоўны дзень праляцеў хутка, бо я поўнасцю быў сканцэнтраваны на выкананні эканамічных задач. Было вельмі цікава і пазнавальна. Думаю, што паступова спасцігну ўсе тонкасці прафесіі і буду “асам” у сваёй справе”, – прызнаецца Аляксандр.

У вольны час, як у студэнцтве, так і цяпер, малады чалавек стараецца падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме: гуляе ў камандныя віды спорту, займаецца з гантэлямі, выконвае адцісканні ад падлогі і падцягванні на перакладзіне. Акрамя гэтага, з дапамогай спецыяльнай праграмы і камп’ютарнай клавіятуры “піша” музыку. Такі від творчасці атрымаў назву бітмэйкінг.

Усім маладым спецыялістам, якія таксама толькі пачынаюць працаваць, творчы і спартыўны эканаміст жадае мэтанакіраванасці, матываванасці, чулых калегаў, правільнага расстаўлення прыярытэтаў, пастаяннага развіцця і імкнення да чагосьці новага і неардынарнага, пераадолення першапачатковых цяжкасцяў невядомасці і малавопытнасці ў сваёй прафесіі. Ніколі не рабіць паспешлівых высноваў і ўзважана прымаць рашэнні ў розных праблемных сітуацыях. Цяжкасці бываюць ва ўсіх, але кожны з нас ў сілах з імі справіцца.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: