Аб чым шуміць клён

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

77 гадоў таму назад Дзятлаўскі раён  быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх акупантаў і іх прыслужнікаў.

Генацыд супраць мясцовага насельніцтва застаецца ў памяці тых, хто выжыў і ніколі не забудзе іх злачынствы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Гэта адбылося ў час правядзення карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан у снежні 1942 года. Фашысцкія карнікі, якія размяшчаліся ў Рудаяварскім гарнізоне, праводзілі аперацыю “Гамбург”. Для барацьбы з партызанамі быў выдадзены аператыўны загад начальніка СС (СС-ахоўныя атрады нямецкай арміі – аўт.) і паліцыі Беларусі Готберга ад 7 снежня 1942 года – знішчэнне партызанскіх фарміраванняў і тых, хто аказваў садзеянне партызанам у іх барацьбе супраць гітлераўскага “новага парадку”. Ворагам яны лічылі кожнага партызана, яўрэя, цыгана і падазроных асобаў. Палонныя перадаваліся для допытаў службе СД (служба бяспекі рэйхcфюрара СС – аўт.).  Па звестках варожай разведкі было ўстаноўлена, што “… ў раёне развілкі рэк Нёман – Шчара і на невялікай палосцы берага Шчара – Беліца – Слонім знаходзяцца буйныя банды партызан у 8 лагерах з моцнай перадавой аховай…”. Для правядзення аперацыі  былі сканцэнтраваны буйныя карныя сілы. Сярод іх 2-і паліцэйсці полк з двума батальёнамі сувязі, два асобныя паліцэйскія батальёны, літоўскі паліцэйскі батальён № 15, украінскі паліцэйскі батальён № 115, латвійскі паліцэйскі батальён № 271 з чатырма ротамі (палкавых мінамётаў). Акрамя гэтага былі прыкамандзіраваны: рота, 13-ы жандармскі ўзвод і войскі 23-а вучэбнага батальёна вермахта з горада Ліды. Вечарам, 12 снежня 1942 года, карнікі пачалі наступленне. Да загаду было дапаўненне : “Асобныя падраздзяленні баявой групы Готберга на шляху руху да лініі маюць права бязлітасна распраўляцца з асобамі і вёскамі, якія садзейнічаюць ворагу”.

Вось у такіх абставінах і сустрэліся з карнікамі жыхары маленькай вёсачкі Навасёлкі, цяпер Парэцкага сельскага савета (на пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы было 39 двароў і жыло 96 чалавек – аўт.). 14 снежня 1942 года карныя атрады фашыстаў з Рудаяварскага гарнізона ўварваліся ў вёску.

“Немцы пачалі падпальваць хлявы, – расказваў 84-гадовы жыхар вёскі Леанід Іванавіч Шалесны. – Загарэўся хлеў Антона Іосіфавіча Чайкоўскага. Хутка пачалі разрывацца патроны і іншыя выбуховыя прадметы. Аказваецца, мясцовы настаўнік збіраў зброю і хаваў яе пад страхою хлява Чайкоўскага. Немцы ўварваліся ў хату да Антона Чайкоўскага і расстралялі шэсць членаў яго сям’і. Але адзін сын, Міхаіл, якому было 7 гадоў, выбег на вуліцу. Казалі, што ён прасіў карнікаў не забіваць яго. Раз’юшаныя фашысты схапілі хлопчыка і кінулі ў хату. Яны хутка забілі ўваходныя дзверы і падпалілі. У хаце згарэлі забітыя члены сям’і Антона Чайкоўскага і жывым – маленькі Міхась. На наступны дзень родныя Чайкоўскіх і суседзі пайшлі на папялішча, сабралі ў прасціну астанкі згарэлых і пахавалі іх у адной магіле.”

Пасля вайны мясцовыя жыхары агульнымі намаганнямі зрабілі надмагільны помнік, які стаіць і цяпер. На помніку на польскай мове прозвішчы і імёны загінулых. Назаўсёды  мясцовыя жыхары, звычайныя прахожыя ці падарожнікі будуць ведаць аб тых, хто стаў ахвярай забойцаў і нелюдзяў. Гэта: Антон Іосіфавіч Чайкоўскі, 1887 года нараджэння; Феламена Паўлаўна Чайкоўская, 1897 года нараджэння; іх дочкі – Валянціна, 1922 года нараджэння; Ірына, 1925 года нараджэння; Ядвіга, 1929 года нараджэння; сыны – Іосіф, 1937 года нараджэння; Міхаіл, 1934 года нараджэння. Расказалі жыхары вёскі і аб тым, што гэта магіла заўсёды прыбрана, пафарбавана агароджа. Так землякі ўшаноўваюць памяць аб сваіх загінулых аднавяскоўцах. Яны лічаць, што гэта патрэбна не мёртвым, а жывым. Сімвалічна, што з левага боку ад магілы загінулых землякоў вырас магутны клён, які выпусціў з аднаго кораня сем самастойных дрэў. Сем клёнаў, сем загінулых, сем жывых напамінаў аб тых, хто загінуў бязвінна. А клён, як пачэсны вартавы, прадаўжае расці і нагадваць аб трагедыі тых далёкіх гадоў Вялікай Айчыннай вайны.

Паважаныя землякі! Калі вы маеце звесткі аб трагедыі вашых родных, знаёмых, суседзяў у гады Вялікай Айчыннай вайны, не маўчыце, – няхай аб гэтым ведаюць сённяшняе і наступныя пакаленні. Аб звестках просьба паведаміць вядучаму спецыялісту ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Валянціну Абухаву па тэлефоне 2-15-03 або ў рэдакцыю газеты “Перамога”.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga