Злачынстваў стала менш

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Аналіз стану злачыннасці ў першым паўгоддзі 2021 года сведчыць, што на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна зменшылася колькасць зарэгістраваных злачынстваў па лініях усіх службаў (з 124 да 105).

У сельскай мясцовасці таксама адзначаецца станоўчая тэндэнцыя па зніжэнні агульнай колькасці злачынстваў з 72 да 53.

Менш (з 9 да 4) стала цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў па лініях усіх службаў, іх доля ў ліку іншых зарэгістраваных – 3,8 % (у аналагічны перыяд 2020 года было 7,2 %).

З 9 да 5 знізілася колькасць злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах, не дапушчана росту “п’янай” злачыннасці: яе статыстыка застаецца на мінулагоднім узроўні – 18. Да адміністрацыйнай адказнасці за незаконны абарот алкагольнай прадукцыі ў першым паўгоддзі 2021 года прыцягнуты 9 чалавек (летась – 8), агульная колькасць канфіскаванай з незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі – 1269,18 літра (летась – 121,67 літра).

У той жа час адзначаецца павелічэнне з 32 да 37 колькасці злачынстваў, учыненых асобамі, якія маюць судзімасць, іх удзельная вага ў агульнай колькасці злачынстваў 46,8 %.

З 2 да 1 зменшылася колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі або з іх удзелам, з 7 да 4 – учыненых групай асобаў.

Пераважна за кошт скарачэння колькасці крадзяжоў на 26,8 % або з 71 да 52 скарацілася колькасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку. На мінулагоднім узроўні (6) застаецца колькасць злачынстваў па лініі эканамічнай бяспекі.

Для стабілізацыі крымінагеннай абстаноўкі і павышэння эфектыўнасці ўзаемадзеяння мясцовых выканаўчых, распарадчых органаў, суб’ектаў прафілактыкі ў першым паўгоддзі 2021 года праведзена пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта па пытанні “Аб рабоце суб’ектаў прафілактыкі Дзятлаўскага раёна па папярэджанні і недапушчэнні крадзяжоў маёмасці ўсіх формаў уласнасці”.

Адбыліся два пасяджэнні Дзятлаўскага раённага каардынацыйнага савета па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, дзе разгледжаны пытанні “Аб выкананні суб’ектамі прафілактыкі раёна патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў” і “Аб выкананні антыкарупцыйнага заканадаўства арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна”, прыняты рашэнні, скіраваныя на актывізацыю работы аддзела ўнутраных спраў па выяўленні і спыненні карупцыйных злачынстваў.

Аналіз стану злачыннасці дазваляе зрабіць выснову, што комплекс арганізацыйна-практычных мерапрыемстваў даў станоўчы вынік і паспрыяў захаванню законнасці. Разам з тым, пракурорскія праверкі сведчаць, што ёсць і пэўныя недахопы. Так, у першым паўгоддзі пракуратурай узбуджана 7 крымінальных спраў па прэвентыўных артыкулах: 2 – за пагрозу забойствам, 2 – за нанясенне лёгкага цялеснага пашкоджання, 3 – за катаванне; да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 7 асобаў, схільных да ўчынення злачынстваў на сямейна-бытавой глебе з выкарыстаннем гвалту.

Скаардынаваная дзейнасць праваахоўных органаў па прафілактыцы злачынстваў супраць жыцця і здароўя дала свае вынікі: у раёне не зарэгістравана забойстваў, разбояў, вымагальніцтваў, гвалту, з 3 да 2 зменшылася колькасць хуліганстваў, з 2 да 1 – рабаванняў і махлярстваў.

Пытанні прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў і надалей патрабуюць сістэмнай і мэтанакіраванай работы органаў і ўстановаў, якія займаюцца прафілактычнай дзейнасцю, працоўных калектываў, грамадскіх фарміраванняў, выканаўча-распарадчых органаў. У другім паўгоддзі асаблівую ўвагу варта надаць папярэджанню бытавой злачыннасці і хатняга гвалту, прыняць дзейсныя меры па арганізацыі прафілактычнага ўліку і правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў у адносінах да асобаў, схільных да ўчынення правапарушэнняў.

Алег ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga