На штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама абмеркаваны тэмы супрацьпажарнай бяспекі, аховы правапарадку, ходу сельскагаспадарчых работ, падрыхтоўкі да новага навучальнага года, вакцынацыі і іншыя.
Не толькі вогнетушыцель, але і плуг
Начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык расказаў, што на мінулым тыдні адбыліся тры лясныя пажары каля вёсак Серафіны і Вусце. Ачагі ўзгарання ліквідавалі самі супрацоўнікі лясгаса. Службы прафілактыкі раёна прадаўжаюць рэйды па вадаёмах з мэтай недапушчэння купання ў забароненых месцах, парушальнікаў прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці. Не менш увагі ратаўнікі надаюць супрацьпажарнаму стану ўборачнай тэхнікі, якая працуе на палетках гаспадарак: уся яна спраўная, абсталявана неабходнымі сродкамі пажаратушэння, механізатары прайшлі навучанне. У сухое надвор’е работнікі сельгаспрадпрыемстваў збіраюцца выкарыстаць дадатковыя меры абароны ад вогненнай стыхіі: будуць ажыццяўляць абворванне палёў і скірдаў саломы. Пытанні бяспекі застануцца ў цэнтры ўвагі экстранных службаў раёна і надалей.
Адкуль металалом, праверыць міліцыя
Аб тым, што ў раёне ўзбуджана крымінальная справа за неналежны ўлік і захоўванне наркатычных сродкаў, паведаміў начальнік АУС райвыканкама Аляксандр Біль. Яшчэ адно злачынства ўчынена ў сферы высокіх тэхналогій: скрадзены грошы з банкаўскай карткі. Па-ранейшаму адбываюцца крадзяжы з нежылых дамоў, дзе злодзеяў цікавяць пераважна рэчы з металу, таму міліцыя звяртае пільную ўвагу на аўтатранспарт, які перавозіць металалом без суправаджальных дакументаў, праводзіцца праверка паходжання такіх грузаў. Праверылі праваахоўнікі і захаванасць таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў у сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна. У час уборачнай кампаніі рацыянальнаму выкарыстанню і захаванасці маёмасці гаспадарак, а таксама герметычнасці транспарту пры перавозцы зерня будзе нададзена максімум увагі.
Радуе ўраджаем “беларускі шоўк”
Як зазначыў першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віталій Шулейка, у раёне актыўна ідзе ўборачная кампанія. Жнуць ячмень і рапс, тры гаспадаркі прыступілі да цераблення лёну. Кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі скіраваў увагу спецыялістаў на тое, што сёлета на Дзятлаўшчыне вырас дастойны ўраджай “беларускага шоўку”. Ён даў даручэнне па максімуме нарыхтаваць насенне гэтай культуры, якое заўсёды запатрабавана. Таксама сярод надзённых задач аграрыяў – актывізаваць нарыхтоўку кармоў і падрыхтоўку да восеньскай сяўбы, трымаць на кантролі вытворчасць малака і выкананне дзяржзаказу на закуп збожжа.
Каб дарога была гладкай
Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Залеўскі расказаў, што на трасе М11 (Ліда – Быцень) ДУ № 56 выдаляе дрэвы, якія ў час моцных вятроў і навальніцы стваралі небяспеку для вадзіцеляў. Спецыялісты ДРБУ № 119 завяршаюць работы на ўчастку дарогі каля вёскі Колкі: тут ужо пакладзены асфальт, засталося ажыццявіць адсыпку абочыны, нанесці дарожную разметку. Цяпер укладка асфальтавага пакрыцця распачата на ўчастку каля вёскі Плябанавічы.
Дырэктар РУП ЖКГ Сяргей Луня паведаміў, што ў райцэнтры таксама ажыццяўляецца ямачны рамонт вуліц, пасля нядаўніх моцных дажджоў на гравійных дарогах “папрацаваў” грэйдар, некаторыя ўчасткі былі падсыпаны.
Хутка дзецям за парты
Як расказалі намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус, ідзе падрыхтоўка ўстановаў адукацыі раёна да новага навучальнага года. На працягу месяца мяркуецца скончыць рамонт харчблока Казлоўшчынскай школы, праз некалькі дзён арганізацыя-падрадчык прыступіць да выканання рамонтных работ у сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава, рыхтуецца праектная дакументацыя для Новаяльнянскай, Гезгалаўскай школ і гімназіі № 1. У дварах рада навучальных установаў сёлета ажыццявяць добраўпарадкаванне з укладкай бардзюрнай пліткі.
Прадаўжаюцца аздараўленчая і працоўная кампаніі: з 902 мяркуемых у летніках раёна ўжо адпачылі 753 дзіцяці; да работы ў ААТ “Граніт-Агра” і КСУП “Дварэц-Агра” прыступілі сельскагаспадарчыя атрады ў складзе 30 і 12 навучэнцаў адпаведна; на летні час яшчэ для 95 юных жыхароў раёна ва ўстановах адукацыі арганізавана другасная занятасць па рамонце кніжнага фонду і выкананні рамонтных работ.
Для падтрымкі дзяцей пэўных катэгорый на Дзятлаўшчыне стартавала дабрачынная акцыя “Збяром дзяцей у школу”.
Маскі здымаць рана
На выкананне патрабаванняў па барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй на мінулым тыдні ў раёне былі правераны 19 аб’ектаў і, як зазначыла галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ Алена Шайбак, на 11 з іх знойдзены парушэнні. Найбольш частае – людзі не носяць ахоўныя маскі. На жаль, здымаць іх яшчэ рана. Прышчэпку атрымала 12,63 % жыхароў Дзятлаўшчыны, і гэтага недастаткова для стварэння калектыўнага імунітэту. Найбольш актыўна прышчапляюцца самі медыкі, сярод якіх вакцынаваны 75,5 % чалавек. Напярэдадні новага навучальнага года эпідэміёлагі спяшаюцца прышчапіць педагогаў, сярод настаўнікаў ужо вакцынавана 41,8 %.
Таксама галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ зазначыла, што за невыкананне патрабаванняў па навядзенні парадку на зямлі на адказных асобаў ААТ “РоданАгра” і ААТ “РоданАграПол” былі складзены адміністрацыйныя пратаколы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga