Праект “Глыбінкай жыве Беларусь” прадаўжае знаёміць нас з цікавымі людзьмі Дзятлаўшчыны.
На гэты раз работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці накіраваліся па сакрэты даўгалецця ў вёску Мядзвінавічы да мясцовай доўгажыхаркі Валянціны Белавус, якая сёлета адзначыла сваё 99-годдзе.
Валянціна Гаўрылаўна, як векавое дрэва, якое сваімі каранямі раз і назаўсёды моцна ўрасло ў родную мядзвінавіцкую зямлю, і, як пажыўныя сокі, чэрпае адтуль звычаі, традыцыі і народную мудрасць, уласцівыя для гэтай мясцовасці. Ужо ад нараджэння жыццё не песціла нашу зямлячку. На свет яна з’явілася ў 1922 годзе пятым дзіцём у сялянскай сям’і.
– Гадавалі мяне матуля і людзі, – так бабуля Валянціна расказвае пра сваё дзяцінства. – Тата памёр рана, калі мне быў адзін гадок, яго я не памятаю. У мамы нас засталося трое сыноў і дзве дачкі.
Нягледзячы на складаную сітуацыю ў сям’і, Валянціна змагла атрымаць пачатковую адукацыю.
– Я скончыла 4 класы мясцовай польскай школы, а такая ў свой час была ў Мядзвінавічах. Па вясковых мерках гэта быў вялікі будынак з залай для выступленняў і кватэрай для настаўніка. Пазней школа згарэла. З цягам часу на яе месцы пабудавалі клуб з бібліятэкай, дзе я адпрацавала 14 гадоў тэхнічнай работніцай. Цяпер няма ўжо і клуба, – прадаўжае аднаўляць у сваёй памяці карціны мінуўшчыны Валянціна Гаўрылаўна.
Ёсць пра што ўспомніць нашай зямлячцы, калі размова заходзіць і аб працоўнай дзейнасці. Жыццё прымусіла яе навучыцца многаму, не цурацца і не баяцца любой работы. У маладосці асвоіла кравецкую справу, затым брала заказы ў аднавяскоўцаў – шыла абноўкі дарослым і дзецям, добра ўмела ткаць і вязаць, працавала ў калгасе, нават ездзіла на сеялцы і выконвала будаўнічыя работы. Для тых, хто выказвае здзіўленне, пачуўшы такі “спіс прафесій”, у бабулі ёсць кароткі каментарый: “Нічога не баялася, бо трэба было жыць”. За свае старанні Валянціна Гаўрылаўна не толькі часта чула шчырае “дзякуй” ад землякоў і кіраўніцтва гаспадаркі, але і неаднаразова была ўзнагароджана каштоўнымі падарункамі і Падзячнымі лістамі.
Свой лёс Валянціна звязала з мясцовым хлопцам, які жыў па суседстве, пражыла сямейная пара разам 39 гадоў, і ўжо 40 гадоў на свеце няма роднага чалавека. Затое радуюць і апякаюць бабулю Валянціну дачка і сын, двое ўнучак, пяцёра праўнукаў і маленькая прапраўнучка Варвара, пра якіх наша 99-гадовая зямлячка расказвае са шчырай цеплынёй у голасе.
Асобную старонку сярод аповядаў Валянціны Белавус займаюць “смачныя гісторыі”. Любіць бабуля ўзгадаць, як вяскоўцы харчаваліся на пачатку і ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Дарэчы, “паўсядзённы стол” жыхароў беларускіх вёсачак Валянціна Гаўрылаўна лічыць адным з сакрэтаў свайго даўгалецця.
– Елі, што мелі, нарыхтоўвалі садавіну, агародніну, грыбы, захоўвалі пасты, не злоўжывалі мяснымі стравамі, – пералічвае найбольш папулярныя харчовыя прадукты сваёй маладосці наша зямлячка. – Часта на стале была бульба ў мундзірах з молатым ільняным семем ці соллю, бывала саладуха, бліны, цаніліся сала і мяса ўласнага пасолу. Мяса захоўвалі ў кубельчыку з накрыўкай, сала – у спецыяльнай драўлянай скрыні, нічога не псавалася. Але галоўным у доме, вядома ж, быў хлеб. Кожная гаспадыня, і я ў тым ліку, абавязкова выпякала яго раз на тыдзень. Свае караваі былі духмяныя і смачныя. Густа цеста не вымешвалі, бо калі хлеб “малодшы”, ён смачнейшы. Рэцэпт хатняга хлеба вельмі просты: у дзяжы рабілі рошчыну з аржаной мукі і цёплай вады, калі яна закісала, дадавалі яшчэ муку і замешвалі цеста. На спецыяльных лапатах ставілі яго ў печ для запякання, пазней у вясковых гаспадынь з’явіліся свае металічныя формы для хлеба.
Карміцелькамі для сем’яў былі і каровы. Колькі разоў я сама, напрацаваўшыся за дзень, спазніўшыся, ужо не хацела вячэраць, а выпівала кубачак сырадою і клалася спаць.
Яшчэ адным сакрэтам даўгалецця Валянціна Белавус лічыць менавіта працавітасць. Нават у сваім шаноўным узросце бабуля не можа сядзець без справы, яна яшчэ садзіць агарод і даглядае градкі.
– Не трэба ленавацца: калі рухаешся, тады і арганізм развіваецца, кожны сустаў працуе, – робіць чарговую выснову наша зямлячка. – Паўсядзённая праца дапамагла мне “сустрэць” старасць на сваіх нагах і пры памяці.
– У пацвярджэнне ўласных словаў бабуля прачытала гасцям некалькі польскіх вершаў, якія вывучыла яшчэ ў школьныя гады. На развітанне Валянціна Белавус выказала свае пажаданні для сучаснай моладзі:
– Беражыце сябе, не хварэйце, жывіце доўга, больш за сто гадоў, але вяртайцеся ў вёскі, каб захоўваць традыцыі прабабуляў і прадзядуляў. Няхай, як і раней, у беларускіх вёсачках на ўсіх участках з’явяцца новыя жылыя хаты.
Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена артыстамі сектара
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga