Моладзевая канферэнцыя: у скарбонцы добрых спраў

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

22 ліпеня ў раённым выканаўчым камітэце прайшла VII справаздачна-выбарчая канферэнцыя раённай арганізацыі ГА “БРСМ”.

З галоўнымі справамі і дасягненнямі дзятлаўскай моладзі госці і ўдзельнікі форуму маглі азнаёміцца яшчэ да яго пачатку – у фае ладзілася тэматычная выстава.

Больш падрабязна аб дзейнасці арганізацыі ў 2017-2021 гадах расказала і акрэсліла перспектывы яе далейшага развіцця першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ”  Кацярына Хілімончык.

Сярод прыярытэтных кірункаў работы яна назвала грамадзянска-патрыятычнае, духоўна-маральнае выхаванне, прывіццё здаровага ладу жыцця, развіццё спорту і турызму, арганізацыю другаснай занятасці, дзейнасць у інтэрнэт-прасторы, валанцёрства, падтрымку талентаў і іншае.

Паспяхова спраўляцца з пастаўленымі задачамі раённай арганізацыі “БРСМ” дапамагае актыўнасць і ініцыятыўнасць членаў аб’яднання, а ў нашым раёне гэта 817 чалавек з 43 пярвічак, з кожным годам арганізацыя папаўняецца новымі людзьмі.

Рабоце па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення спрыяюць сацыяльна-значныя праекты і акцыі, валанцёрства, удзел у руху міласэрнасці, якія праходзяць пад дэвізам “Моладзь – ветэранам”. Гэта шэфства над удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, дапамога пажылым людзям і інвалідам. Не застаюцца па-за ўвагай дзеці-сіроты і дзеці з маламаёмасных сем’яў, арганізоўваюцца святочныя сустрэчы і віншаванні да святаў.

Не даць перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны дапамагаюць абласная патрыятычная акцыя “І ў памяці навекі імёны”, абласны моладзевы праект 2020 года, які стартаваў на Дзятлаўшчыне, – “Памяць сэрца”, штогадовая акцыя па навядзенні парадку на брацкіх пахаваннях і мемарыялах “Захаваем памяць на стагоддзі”.

Традыцыйнымі ў раёне сталі акцыі “Мы грамадзяне Беларусі” з уручэннем пашпартоў у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, “Малым рэкам – вялікі клопат”, “Сэлфі з вышыванкай”, “Я служу”, “За Беларусь” і многія іншыя.

У 2020 годзе ў нашай краіне ўпершыню быў рэалізаваны ўнікальны праект “Рэспубліканскі моладзевы цягнік”, які адкрыў для юных грамадзян прасторы Беларусі, даў магчымасць абмеркаваць з палітычнымі дзеячамі рэспублікі актуальныя пытанні, Дзятлаўшчыну на праекце прадстаўляла малады педагог Марына Нячай.

Не менш важнымі і цікавымі для маладых людзей нашага раёна сталі справы і падзеі, скіраваныя на прывіццё здаровага ладу жыцця, галоўныя з якіх – ужо традыцыйны раённы турысцкі злёт працоўнай моладзі, у якога ёсць свая гісторыя перамогаў; раённы этап рэспубліканскага праекта “ТатаЗала”, які рэалізоўваецца на базе трэнажорнай залы райцэнтра з 2019 года; запамінальным быў удзел моладзевай дэлегацыі раёна ва ўрачыстай цырымоніі закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску; добра знаёмы моладзевым актывістам акцыі “Стоп СНІД”, “Моладзь за здаровы лад жыцця”, “Моладзь супраць спайсаў” і іншыя, якія праходзяць у цесным супрацоўніцтве з зацікаўленымі службамі Дзятлаўшчыны.

У справаздачны перыяд моладзь раёна прымала ўдзел у важнейшых палітычных падзеях краіны: выбарах Прэзідэнта і дэпутатаў, адкрытых дыялогах, падрыхтоўцы на Нацыянальнага Сходу.

Школай працоўнай закалкі для маладых дзятлаўчан стаў удзел у студатрадаўскім руху і другасная занятасць моладзі, на працягу многіх гадоў у час летніх канікулаў сельскагаспадарчыя моладзевыя атрады дапамагаюць гаспадаркам раёна, укаранёна на Дзятлаўшчыне і выдатная традыцыя ўшаноўваць моладзевыя экіпажы і вадзіцеляў, якія дасягнулі высокіх вынікаў за сельскагаспадарчы сезон.

Дзятлаўская моладзь умее не толькі добра працаваць, але і цікава адпачываць, аб чым сведчаць раённыя праекты “Святкі.by”, “Краса Дзятлаўшчыны”, моладзевы капуснік, актыўны ўдзел маладыя людзі прымаюць у раённых мерапрыемствах да рэспубліканскіх і каляндарных святаў, а ў 2021 годзе на Дзятлаўшчыне стартаваў праект да Года народнага адзінства “Парк сямейных дрэваў” – новая алея высаджана па вуліцы Фогеля райцэнтра.

На прафілактыку негатыўных з’яваў у моладзевым асяроддзі скіравана дзейнасць 32 членаў моладзевага атрада аховы правапарадку і мерапрыемствы, якія раённая арганізацыя БРСМ ладзіць сумесна з праваахоўнымі органамі.

Не пакінула раўнадушнымі членаў раённай моладзевай арганізацыі такая агульная бяда, як пандэмія каранавірусу: маладыя дзятлаўчане з дапамогай паштовак казалі сваё “Дзякуй медыкам”, дастаўлялі прадукты і лекі пажылым людзям.

На падтрымку таленавітай моладзі скіраваны рэспубліканскі праект “100 ідэй для Беларусі”, плённым для навучэнца Новаяльнянскай сярэдняй школы Аляксандра Баковіча стаў 2020 год, калі ён атрымаў перамогу на рэспубліканскім этапе конкурсу.

Акрэсліваючы планы надалей, Кацярына Хілімончык палічыла неабходным прадоўжыць работу па прыцягненні ў рады арганізацыі новых членаў, якаснай арганізацыі летняй занятасці моладзі, удасканаленні дзейнасці атрадаў аховы правапарадку і валанцёраў, вядзенні прапаганды здаровага ладу жыцця, правядзенні раённых і актыўным удзеле ў абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Моладзевы лідар падзякавала за падтрымку і супрацоўніцтва раённаму выканаўчаму камітэту, абласной арганізацыі ГА “БРСМ”, партнёрскім арганізацыям.

Вопытам работы ў сваіх арганізацыях, уласнымі поспехамі і дасягненнямі падзяліліся сакратар пярвічкі Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Таццяна Санцэвіч, сакратар пярвічкі ААТ “Граніт-Агра” Юлія Жыдкова, дырэктар Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Марына Нячай, якая прадстаўляла раён на праекце “Рэспубліканскі моладзевы цягнік”, і пераможца рэспубліканскага этапу конкурсу “100 ідэй для Беларусі” Аляксандр Баковіч.

Актыўнасць маладых дзятлаўчан адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч.

Ен выказаў думку, што ў раёне яшчэ шмат дастойных маладых людзей, гатовых уступіць у рады БРСМ, каб дзяліцца сваімі ініцыятывамі. Сярод важных кірункаў далейшай работы моладзевай арганізацыі назваў развіццё валанцёрства, спорту, другаснай занятасці і паабяцаў, што ў добрых справах кіраўніцтвы раёна і арганізацый абавязкова падтрымаюць маладое пакаленне, за якім будучыня не толькі Дзятлаўшчыны, але і краіны.

Ад імя абласной арганізацыі ГА “БРСМ” дзятлаўчанам за работу ў справаздачны перыяд падзякаваў старшыня Гродзенскай абласной кантрольнай камісіі Сяргей Валчкевіч, ён зазначыў, што асноўныя кірункі далейшага развіцця раённага моладзевага руху акрэслены правільна, пажадаў поспехаў і ўручыў узнагароды.

Падзякай абласнога камітэта ГА “БРСМ” за падтрымку моладзевага руху адзначаны Дзятлаўскі райвыканкам, такія ж узнагароды атрымалі моладзевыя актывісты Таццяна Пазняк і Кацярына Скрабук.

Узнагароды ад раённага камітэта ГА “БРСМ” уручыла Кацярына Хілімончык.

Шчырыя словы пажаданняў удзельнікам форуму выказала ветэран моладзевага руху Яўгенія Савань.

Адкрытым галасаваннем былі абраны новы склад раённага камітэта ГА “БРСМ”, кантрольная камісія, дэлегаты для ўдзелу ў Гродзенскай абласной справаздачна-выбарчай канферэнцыі.

На першым арганізацыйным пленуме першым сакратаром раённай арганізацыі была пераабрана Кацярына Хілімончык.

Ірына СТЫРНІК

Фота Вадзіма ФІЛІПОЎСКАГА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga