З 28 чэрвеня па 4 ліпеня ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 92 паведамленні, 2 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 31 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 59 – аб іншых здарэннях.
Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 32 правапарушальнікі, узбуджана 5 крымінальных спраў.
Чужы тэлефон з чужога дома
Раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу на жывёлавода адной з гаспадарак раёна. Знаходзячыся ў доме свайго знаёмага, з якім разам працуе, мужчына ўчыніў крадзеж мабільнага тэлефона “Nokia-6” коштам 200 рублёў, які напярэдадні згубіў яшчэ адзін работнік гэтай жа гаспадаркі.
За свой супрацьпраўны ўчынак злодзей паўстане перад судом.
Па грошы – у кашалёк знаёмай
Беспрацоўны жыхар аграгарадка Вензавец у адзін з чэрвеньскіх вечароў знаходзіўся ў гасцях у аднасяльчанкі. Пакуль жанчына займалася сваімі справамі, малады чалавек з яе кашалька, што ляжаў на халадзільніку, скраў 60 рублёў. На злодзея ўзбуджана крымінальная справа.
Стоп-наркотык
Крымінальная справа ўзбуджана на беспрацоўнага жыхара горада Мінска, які ў сталіцы збыў беспрацоўнаму жыхару гарадскога пасёлка Наваельня небяспечны наркатычны сродак “Гашыш”.
Правапарушальніка чакае суд.
Аляксандр БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga