Клішавічы: незабыўнае

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Непадалёк ад чыгуначнай лініі дарогі Баранавічы – Ліда размясцілася невялікая і вельмі маляўнічая вёска Клішавічы, якая адным канцом як бы ўразаецца ў гару, а другім праз поле дыхае цудоўным водарам хваёвага лесу.

Амаль па суседстве размешчаны карпусы санаторыя “Радон”, лясная рака, возера, багатыя грыбамі лясныя абшары.

Тут, у вёсцы Клішавічы, у 1909 годзе жыло 210 жыхароў, было 11 гаспадарак. Пры панскай Польшчы ў 1923 годзе было ўжо 47 гаспадарак і 265 жыхароў. Перад Вялікай Айчыннай вайной у вёсцы быў размешчаны фальварак памешчыка Аколы (напэўна, яго поўнае прозвішча Мечыслаў Фаміч Аколаў – аўт.). Гэта быў вельмі працавіты і заможны гаспадар, які застаўся жыць у вёсцы пасля 17 верасня 1939 года. Тут жылі шматдзетныя сем’і Талкуноў, Бондараў, Ломацяў, якія займаліся сельскай гаспадаркай, працавалі на чыгунцы. Вёска з’яўлялася прыпынкам і аказвала дапамогу партызанам з атрада “Кастрычніцкі” брыгады імя С. М. Кірава пад камандаваннем Віктара Панчанкава.

Вясеннім майскім днём 1943 года моладзь адпачывала ад працы на гары, што недалёка ад вёскі. Раптам нехта паведаміў, што ў вёсцы робяць аблаву нямецкія карнікі. Міхаіл Фёдаравіч Ломаць (1921 года нараджэння), які дапамагаў партызанам, і ўдзельнік Новаяльнянскага (Рыбацкага) антыфашысцкага  падполля  Міхаіл Іванавіч Саўчанка вырашылі аказаць супраціўленне ворагу. Міхаіл Ломаць быў застрэлены, а яго таварыш схаваўся ў яго хаце, на гарышчы. Пачаўся няроўны бой, у выніку якога Міхаіл Саўчанка забіў чатырох і параніў аднаго фашыста. Быў паранены і сам. Раз’юшаныя фашысцкія карнікі падпалілі хату, дзе яшчэ жывым ён згарэў.

Даведка

Міхаіл Саўчанка нарадзіўся ў 1922 годзе ў вёсцы Бархан, паштовае аддзяленне Бутульга Зуеўскага раёна былой Крымскай АССР. У партызанскі атрад уступіў 4 сакавіка 1943 года.

Міхаіла Ломаця пахавалі на вясковых могілках вёскі.

Мясцовая жыхарка вёскі Клішавічы, ветэран педагагічнай працы Соф’я Мікалаеўна Чэрнік з горыччу і слязамі на вачах расказала пра свайго бацьку – Мікалая Аляксеевіча Рудзіка. ”Бацька нарадзіўся ў 1903 годзе і працаваў чыгуначнікам на станцыі Яцукі. Сям’я была вялікая. Акрамя яго ў сям’і жыла ягоная маці, якую па-вясковаму звалі Марыля, мая маці, яе называлі Мар’яна, і бацька Мікалай, якія гадавалі чатырох дачок: Марыю, Насцю, Яніну і мяне – Соф’ю, малодшую. Як толькі бацька пачуў пра дзейнасць партызан, хутка наладзіў з імі сувязь. Ён перадаваў звесткі аб руху варожых цягнікоў. Але сярод яго знаёмых аб’явіўся здраднік, які выдаў бацьку немцам і паліцаям. У адзін з дзён мая 1943 года да яго на работу ўварваліся нямецкія карнікі. Бацьку арыштавалі і завезлі да бункера каля вёскі Яцукі. Пасля допытаў загадалі яму капаць магілу, затым раздзелі да сподняй бялізны і расстралялі. Праз некалькі дзён маці папрасіла сваякоў, дзяцей і суседзяў знайсці месца расстрэлу бацькі. У знойдзенай магіле бацька ляжаў уніз тварам з прастрэленай галавой. Агульнымі намаганнямі цела бацькі перавезлі на могілкі вёскі Клішавічы і пахавалі пад белаю прастынёю. На той час Марыі было 17 гадоў, Насці –15, Яніне – 10, а мне – 2 гады.” Соф’я Мікалаеўна паказала на могілках дагледжаны з чорнага мармуру помнік – памяць аб самых дарагіх для яе людзях.

У пачатку вайны ў сям’і Мікалая Адамавіча і Хрысціны Андрэеўны Бондараў жылі два сыны – Міхаіл (1912 года нараджэння) і Сяргей (1919 года нараджэння) са сваімі сем’ямі. У Міхаіла было двое дзяцей – Яніна (1934 года нараджэння) і Ганна (1940 года нараджэння). Сяргей ажаніўся на Ганне Адамаўне Талкун, якая была родам з вёскі Панікарты. 6 чэрвеня 1943 года ў іх нарадзілася дачка Алена (цяпер Алена Сяргееўна Ільюшчанка жыве ў горадзе Дзятлаве – аўт.). 3 снежня 1943 года фашысцкія карнікі вырашылі правесці аблаву на партызан атрада “Кастрычніцкі” і забяспечыць бесперабойны рух чыгуначных саставаў  з тэхнікай і жывой сілай на Усходні фронт. “Гэта было ў 1943 годзе, – расказвае Алена Сяргееўна па ўспамінах сваёй маці Ганны Адамаўны. – Немцы з’явіліся ў вёску і папярэдзілі сям’ю Мікалая Бондара, што ім неабходна пакінуць хату і перасяліцца, бо ёсць звесткі аб тым, што яны дапамагаюць партызанам. Перад іх наведваннем было ўжо вядома, што партызаны падарвалі варожы цягнік. Мой бацька Сяргей запрог каня, пасадзіў на падводу маці і загадаў ёй выехаць з Клішавічаў. Праз некаторы час па даносе паліцэйскіх немцы ўварваліся ў хату і расправіліся з сям’ёй. У агні жывымі згарэлі бацькі Сяргея Міхайлавіча, цётка Анастасія Міхайлаўна і двое дзяцей, малодшай Ганначцы было 3 гады. На наступны дзень на яшчэ гарачым папялішчы былі знойдзены іх астанкі. Што там быў мой бацька, Сяргей Міхайлавіч Бондар, пазналі па рэштках папругі, якая абгарэлая ляжала ля парога.  У пасляваенны час мама выйшла другі раз замуж і пражыла больш 86 гадоў”. На вясковых могілках пастаўлены тры помнікі на месцы, дзе знаходзяцца рэшткі спаленых членаў сям’і Бондар.

Гэтыя зверствы фашысцкіх карнікаў пацвярджаюць і ўспаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны – партызанаў атрада “Кастрычніцкі” Фёдара Фёдаравіча Бурака, Івана Данілавіча Жэгалы, звесткі аб партызанах атрада, якія захоўваюцца ў архівах Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. Пра гэта прыпомніў і старэйшы жыхар вёскі Клішавічы Аляксандр Фёдаравіч Пранкевіч, 1929 года нараджэння.

Аўтар выказвае шчырую ўдзячнасць за пошук і ўдакладненне матэрыялаў аб лёсах людзей вёскі Клішавічы ў час нямецка-фашысцкай акупацыі настаўніцы былой Ахонаўскай школы Соф’і Мікалаеўне Чэрнік і ветэранам працы – Алене Сяргееўне Ільюшчанка і старшыні былога Таркачоўскага сельскага савета Уладзіміру Іванавічу Калачу.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga