Інфатурнэ. Ёсць чым здзіўляць

Галоўнае Спорт і турызм

На Дзятлаўшчыне стартаваў раённы агляд аграсядзібаў, які праводзіцца для азнаямлення з іх дзейнасцю і ў наступным дазволіць актыўна папулярызаваць аграэкатурыстычныя паслугі нашага раёна.

Мерапрыемства разглядаецца і як папярэдні этап рэкамендацыйнага характару да ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе “Лепшая аграэкасядзіба Рэспублікі Беларусь”.

Рабочая група па развіцці аграэкатурызму ў складзе прадстаўнікоў райвыканкама, фізкультурна-спартыўнага клуба, Цэнтра банкаўскіх паслуг № 422 у горадзе Дзятлаве Рэгіянальнай дырэкцыі па Гродзенскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” разам са старшынямі сельскіх выканаўчых камітэтаў наведала пяць аграсядзібаў: па дзве ў вёсках Баравікі і Курпешы, адну ў Нагорніках.

У кожнай з іх спецыялісты сектара спорту і турызму Дзмітрый Ёда і Наталля Калодка звярталі ўвагу на добраўпарадкаванне і канцэпцыю развіцця аграсядзібаў; стварэнне ўмоваў для пасіўнага і актыўнага адпачынку турыстаў; разнастайнасць праграм знаходжання гасцей; наяўнасць паслуг харчавання, у тым ліку з арыенцірам на беларускую нацыянальную кухню; магчымасць дэманстрацыі турыстам відовішчных мерапрыемстваў і прадастаўлення ім дадатковых аздараўленчых паслуг; вядзенне экалагічна чыстай сельскай гаспадаркі; запатрабаванасць аграсядзібаў гасцямі.

Супрацоўнікі Белаграпрамбанка Сяргей Клімко і Таццяна Татарчык праінфармавалі аб магчымасці атрымання крэдыту на выгадных умовах для развіцця аграэкатурыстычнага бізнесу. Члены рабочай групы кансультавалі гаспадароў аграсядзібаў па ўсіх напрамках, якія іх цікавяць. Напрыклад, у вёсцы Нагорнікі прагучала просьба пракласці дарогу да месца адпачынку турыстаў, арганізаваць пад’езд транспарту для своечасовага вывазу смецця. Пасля аператыўнага абмеркавання са старшынёй Парэцкага сельвыканкама Аляксандрам Ядэйкам былі знойдзены аптымальныя шляхі вырашэння гэтых пытанняў.

Раённы агляд аграсядзібаў будзе працягнуты. У бліжэйшы час рабочая група наведае аграсядзібы “Адамантъ”, “Бульбаш”, “Родник” і “Хуторок”.

Вынікам агляду стане складанне рэйтынгу сярод аграсядзібаў Дзятлаўскага раёна з улікам створаных найбольш камфортных умоваў для знаходжання турыстаў.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga