11 ліпеня ў сабор святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай для пакланення вернікаў быў прынесены каўчэг з мошчамі вялікага князя Аляксандра Неўскага, 800-годдзе з дня нараджэння якога сёлета ўрачыста адзначае праваслаўная царква.
Дакрануцца да святыні і памаліцца нябеснаму заступніку ў гэты дзень прыйшлі многія нашы землякі. Урачыстае богаслужэнне на ўпрыгожаным да значнай для вернікаў падзеі падворку храма доўжылася гадзіну, людзі маліліся за свае сем’і, за блізкіх, за мір на роднай зямлі, прасілі ў святога заступніка пазбаўлення ад хваробаў і няшчасцяў, адзінства і ладу паміж людзьмі.
Каўчэг з мошчамі быў прывезены са Смаленска ў Віцебск у рамках акцыі памяці да 800-годдзя з дня нараджэння вялікага князя Аляксандра Неўскага. Уключаючы Дзятлава, ён наведае 15 беларускіх гарадоў. Акцыя памяці арганізавана па бласлаўленні Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла і пры арганізацыйнай падтрымцы дабрачыннага фонду імя роўнаапостальнага князя Уладзіміра.
Для гісторыі нашай краіны імя святога благавернага князя Аляксандра Неўскага мае асаблівае значэнне: у 1239 годзе ён, з’яўляючыся князем Наўгародскім, заключыў саюзны дагавор з полацкім князем Брачыславам Васільевічам і ўзяў шлюб з яго дачкой Аляксандрай. Заручыны адбыліся ў Віцебску.
На беларускай зямлі да памяці святога князя заўсёды адносіліся з асаблівай пашанай, у гонар яго асвечаны больш за 40 храмаў Беларусі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga