Летні сезон любімы і доўгачаканы для нашых дзяцей.
Аднак для нас, дарослых, гэта час, калі дзецям неабходна надаваць павышаную ўвагу, бо ў іх з’яўляецца шмат вольнага часу, а відавочныя крыніцы небяспекі ім такімі зусім не здаюцца.
Мінуў усяго адзін месяц лета, а на Гродзеншчыне не стала ўжо пяць дзяцей. Прычынамі іх смерці былі няшчасныя выпадкі, якіх магло і не здарыцца, калі б дарослыя своечасова аказаліся побач.
У Навагрудскім раёне гадавалая дзяўчынка выпала з 5 паверха жылога дома, пакуль маці ненадоўга пакінула яе без увагі.
У вёсцы Гожа Гродзенскага раёна 10-гадовы хлопчык патануў у вадаёме, не прызначаным для купання.
У выніку недагляду дарослых маленькі жыхар Прынёмання патануў у Брэсцкай вобласці, куды прыехаў пагасціць да бабулі.
Двое дзяцей загінулі ў дарожна-транспартных здарэннях.
Галоўная задача органаў пракуратуры – арганізаваць работу ўсіх службаў і ўстановаў так, каб выключыць любыя фактары, якія пагражаюць бяспецы дзяцей, але садзейнічання ў гэтай праблеме мы чакаем і ад бацькоў і іншых дарослых.
Дома, на вуліцы, у лесе, на вадаёме найперш бацькі адказваюць за сваё дзіця. Гэта адносіцца як да яго бяспекі, так і да таго, дзе яно бавіць свой вольны час, як паводзіць сябе ў грамадскім месцы, ці не парушае нормаў маралі.
Паважаныя дарослыя! Паважаныя бацькі! Лета ў разгары, наперадзе два месяцы адпачынку, умацавання здароўя, новых уражанняў і цікавых сустрэч. Дапамажыце вашым дзецям правесці гэты час з карысцю. Зрабіце ўсё, каб зберагчы іх ад небяспекі, бо для вас няма нічога важнейшага, чым жыццё і здароўе вашых дзяцей!
Святлана НАНКЕВІЧ,
старшы памочнік пракурора Гродзенскай вобласці