Быў клёў, і было клёва!

Важнае Спорт і турызм

Добрая магчымасць паспытаць поспех у рыбалцы выпала рыбакам-аматарам Дзятлаўскага лікёра-гарэлачнага завода “Алгонь”.

Адміністрацыя і прафсаюзны камітэт падрыхтавалі і правялі для калектыву міжзавадскія спаборніцтвы па рыбнай лоўлі “Летні кубак. Рыбалка-2021”.

Дарэчы, падобныя спаборніцтвы на прадпрыемстве праходзяць штогод, зімой і летам. Да ўдзелу ў іх далучаюцца работнікі філіялаў “Слонімскі вінна-гарэлачны завод”, “Навагрудскі вінзавод” і вытворчы ўчастак “Парэцкі спіртзавод”.

Збор каманд быў прызначаны на чатыры гадзіны раніцы. Конкурс пачаўся з жараб’ёўкі і інструктажу па тэхніцы бяспекі. На гэты раз жадаючых парыбачыць сабралася 20 чалавек.

Пераможцы спаборніцтва вызначаліся як у асабістым, так і ў камандным заліку. Якім жа быў улоў?

Пераходзячы кубак атрымала каманда Дзятлаўскага лікёра-гарэлачнага завода “Алгонь”. Вага вылаўленай камандай рыбы склала 34,195 кілаграма.

У асабістым першынстве больш за ўсё па вазе і колькасці рыбы вылавіў Аляксандр Маер, вадзіцель аўтамабіля ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”– 18,180 кілаграма, другое месца заняў Аляксандр Лішык, вадзіцель аўтамабіля ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, а Іосіф Бортка, токар вытворчага ўчастка “Парэцкі спіртзавод” вылавіў самага буйнога карпа вагой 6,730 кілаграма. Пераможцы былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі.

З рыбалкі ўдзельнікі вярталіся ў выдатным настроі.

Вольга ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga